Лета. Дзеці. Увага
Для школьнікаў лета – пара чаканага адпачынку. А ад дарослых гэты час патрабуе павышанай увагі. Асабліва – ад вадзіцеляў.
Мінімізаваць колькасць дарожных аварый з удзелам непаўналетніх магчыма толькі пры адной умове: калі і вадзіцелі, і дзеці будуць адказна ставіцца да выканання правілаў дарожнага руху. Навучыць рабят гэтаму – важная задача для бацькоў і школы. Канешне, адных размоў недастаткова, патрэбны пастаянны кантроль за тым, дзе і як гуляюць дзеці. Не варта пакідаць малых без нагляду ў машыне, напрыклад, на запраўцы, паркоўцы, каля магазінаў і г.д. Нельга праходзіць міма, калі хлопчыкі і дзяўчынкі гуляюць на дарозе (у тым ліку – на вясковай вуліцы). Купіўшы веласіпед з нагоды паспяховага заканчэння навучальнага года, трэба растлумачыць асноўныя правілы яго выкарыстання. Адно з галоўных – дзецям да 14 гадоў забаронена катацца на веласіпедзе па дарозе без суправаджэння дарослых (акрамя пешаходных і жылых зон, тратуараў, веласіпедных і пешаходных дарожак). Абсталяванню веласіпеда святлоадбівальнікамі і ліхтарамі для руху ў цёмны час сутак, а таксама экіпіроўцы юнага веласіпедыста шлемам, налакотнікамі і накаленнікамі, а вечарам і камізэлькай павышанай бачнасці ці святлоадбівальнікамі неабходна надаваць пільную ўвагу.
Узмацніць пільнасць, безумоўна, неабходна і вадзіцелям: пры заездзе ў двор, руху па вясковых дарогах, паблізу школ зніжаць скорасць да мінімуму; перавозіць маленькіх пасажыраў толькі ў дзіцячых утрымліваючых крэслах.
З 25 мая па 5 чэрвеня Дзяржаўтаінспекцыя па ўсёй краіне правядзе спецыяльны комплекс мерапрыемстваў “Увага – дзеці!”. У гэты перыяд усе аўтамабілі, незалежна ад часу сутак, павінны рухацца з уключаным бліжнім святлом фар.
Мікалай ДЫЛЕЎСКІ,
старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.