Каго “ўбачыў” фестываль. «Сузор’е талентаў» у Ляхавіцкім раёне ў чарговы раз паказала і даказала якія творчыя і мэтанакіраваныя нашы землякі
Як стаць не проста ўдзельнікам, а героем раённага фестывалю “Сузор’е талентаў”, добра ведаюць нашы юныя землякі, што атрымалі запрашэнне ў адну з майскіх пятніц у гарадскі Дом культуры. Дзейства гэта традыцыйнае, чаканае, а па ўрачыстасці і значнасці для школьнікаў, настаўнікаў і бацькоў падобна ўручэнню ўзнагароды самай вышэйшай вартасці. Быць у цэнтры ўвагі, ззяць на сцэне, калі гучыць тваё прозвішча, – прыемныя і незабыўныя імгненні. Гэта адзнака за старанную і мэтанакіраваную працу.
Гучаць фанфары, і вядучыя абвяшчаюць прозвішчы юных і таленавітых – тых, хто пакарыў прыступкі рэспубліканскіх конкурсаў. Таццяна Чаранкевіч з Начаўскай СШ – абсалютны пераможца міжнароднага злёту юных эколагаў (педагогі Святлана Чаранкевіч, Наталля Катко), дыпламант абласной алімпіяды па біялогіі (Наталля Катко). Вольга Войтуль з Жарабковіцкай СШ (настаўнік Галіна Бунель) –
пераможца рэспубліканскага конкурсу “Квітней, мой лес!”, дыпламант абласнога конкурсу «Невядомы вядомы Пушкін» (Галіна Навумік), Кірыл Сцепаненка з СШ №2 (настаўнік Наталля Ланкуць) –
дыпламант рэспубліканскага конкурсу “Квітней, мой лес!”, як, дарэчы, і конкурсу дзіцячых навукова-практычных праектаў эколага-біялагічнай тэматыкі “Празрыстыя хвалі Нарачы” і пераможца абласнога этапу Х конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект” (педагог Марыя Ракуць). А днямі Кірыл прымаў удзел у конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”. Вось такія рабяты жывуць побач з намі!
Гімназісты Мікіта Біза, Яна Сяргей, Уладзіслаў Ткачэнка, Ілья Шыпіла (настаўнік Алег Галабокаў) гучна заявілі пра сябе на XII рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі “Свежы вецер”.
Асобнае слова пра нашых спартсменаў. 11 юных зямлячак віртуозна забіваюць галы на маладзёжных першынствах Рэспублікі Беларусь па футболе, уваходзяць у склад каманды Брэсцкай вобласці.
Юныя ляхавічане дабіваюцца поспехаў і ў дзюдо, армрэслінгу, гандболе, лёгкай атлетыцы.
Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень шчыра падзякавала педагогам за нястомную працу, бацькам – за падтрымку і ўзаемаразуменне, рабятам пажадала ўпэўнена ісці да мэты, ажыццяўляць мары. Яна ўручыла школьнікам граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і грашовыя прэміі ад раённага выканаўчага камітэта.
У поспехах школьнікаў – вялікая заслуга педагогаў. На свяце яны разам са сваімі выхаванцамі дзялілі радасць перамогі, знаходзіліся побач, як гэта робяць заўсёды. Дуэт “настаўнік-вучань” моцны і плённы, калі ёсць падтрымка бацькоў. Для іх удзел дзяцей у “Сузор’і талентаў” – вялікі гонар, шчымлівыя і дарагія мінуты.
З віншаваннямі і пажаданнямі звярнулася да прысутных начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская.
У намінацыі “З навукай у будучыню!” ушаноўвалі дыпламантаў абласных і раённых этапаў прадметных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый. Сярод іх пераможца абласнога этапу па беларускай мове, удзельніца рэспубліканскага – гімназістка Кацярына Козел (настаўнік Святлана Ермаковіч).
“Са спортам і турызмам па жыцці” – у гэтай намінацыі гучалі імёны пераможцаў і прызёраў спартыўных спаборніцтваў абласнога ўзроўню. Віктар Богуш за яркія дасягненні сваіх выхаванцаў на міжнародных, рэспубліканскіх і абласных спаборніцтвах прызнаны лепшым трэнерам-выкладчыкам раёна па выніках 2016 года. Алеся Давыдава, Міраслава Карповіч, Марыя Наскавец, Юлія Лойка, Ульяна Шчарбакова, Ягор Юруць, Аляксей Чарэйка, Кацярына Анціпава, Уладзіслаў Тумаш, Аляксандр Арлоўскі ўвайшлі ў дзясятку лепшых спартсменаў Ляхавіччыны.
“Імгненні турысцкага сезона”, “Пазнай Радзіму – выхавай сябе”, “Мой род, мая сям’я” і іншыя – іспыты, у якіх вызначыліся на абласных этапах юныя турысты і краязнаўцы.
Рабят, якія ствараюць сваімі рукамі сапраўдную прыгажосць, ставяць арыгінальныя тэатральныя пастаноўкі, спяваюць так, што заслухаешся, цудоўна вядуць разнастайныя праграмы, ушаноўвалі ў намінацыі “Адоранасць у творчасці”. Фестываль “убачыў” кожнага, хто гучаў у піянерскіх конкурсах, энергамарафоне, юных паэтаў і празаікаў, арнітолагаў, лесаводаў і іншых.
Фестываль раскрыў новыя імёны, натхніў на новыя здзяйсненні. Няхай юныя дараванні прыносяць раёну славу, множацца перамогі з ляхавіцкім адрасам.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.