З “Вікторыяй” едзеш – далей будзеш

Заўважыў, што дырэктар ПУП «Аўтацэнтр «Вікторыя» Віктар Шчука, ставіць подпіс на дакуменце ручкай з лагатыпам мінскага аўтамабільнага завода. Прамыя сувязі сціплага ўвогуле аўтацэнтра з брэндавым аўтамабільным гігантам не выпадковыя. «Вікторыя» з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком РУП «МАЗ» на тэрыторыі раёна, Брэстчыны, а па шэрагу пазіцый — і іншых абласцей краіны. І дэ-юрэ, і па сутнасці: пры пасрэдніцтве прадпрыемства ажыццяўляецца продаж тэхнікі МАЗ, вядзецца яе сэрвіснае суправаджэнне на працягу любога з перыядаў эксплуатацыі.

Выконваюцца ўсе тэхнічныя рэгламенты, розныя віды гарантыйных і паслягарантыйных рамонтаў. Пры тым, што тактыкай «Вікторыі» апошняга часу стала практыка выязнога сэрвісу. Напрыклад, для таго, каб прайсці тэхабслугоўванне, канкрэтны аўтамабіль МАЗ няма неабходнасці гнаць у Ляхавічы — траціць час і грошы на дарогу. Спецыялісты аўтацэнтра наведаюцца да вас самі: у любы рэгіён вобласці і з усімі неабходнымі для выканання задач запаснымі часткамі, «расходнікамі» і абсталяваннем. Так, на гэтым тыдні аўтамабіль-тэхнічка прадпрыемства, як адзначыў Віктар Шчука, пабываў у Драгічынскім раёне, меркаваўся выезд на Століншчыну, у іншыя рэгіёны.

Акрамя таго ПУП «Аўтацэнтр «Вікторыя» мае адпаведны дазвол, тэхнічныя магчымасці і вопыт у пераабсталяванні кузаваў аўтамабіляў МАЗ. Варыянтаў некалькі: з двух-  — пад трохбакавую разгрузку, спецыялізаваных зернявозных — у кузаў універсальны і іншае. Між іншым, усё не так проста, як можа падацца. Па словах дырэктара, у некаторых выпадках для гэтага патрабуецца дадаткова вырабіць і ўстанавіць да 70 дэталяў.

Пры гэтым, неабходна мець на ўвазе і фактар адказнасці за бяспеку эксплуатацыі пераабсталяванай тэхнікі. Як і ўсе гарантыйныя абавязкі, ён цалкам ускладаецца на прадпрыемства-выканаўцу рэканструкцыі. Але ж не прывыкаць: у якасці і надзейнасці сваёй работы спецыялісты цэнтра упэўнены. Быў час упэўніцца ў гэтым і ў кліентаў аўтацэнтра з многіх рэгіёнаў краіны. Без перабольшвання, паколькі валоданне падобнай тэхналогіяй можа лічыцца своеасаблівым эксклюзівам «Вікторыі».

Параўнальна нядаўна аўтацэнтр атрымаў і атэстат дылера «Групы ГАЗ», куды разам з ніжагародскім гігантам уваходзіць шэраг іншых аўтазборачных і агрэгатных заводаў суседняй Расіі.

Да таго ж «Вікторыя» — гэта яшчэ і вядомая ўсім аўтааматарам і аўта-прафесіяналам Ляхавіччыны і многім іх калегам з іншых рэгіёнаў дыягнастычная станцыя №39. Вельмі хутка — месяц-паўтара часу — чакаецца адкрыццё станцыі тэхнічнага абслугоўвання легкавых аўтамабіляў. «Лячыць» будзем, — гаворыць Віктар Шчука, — легкавікі ўсіх марак і ад многіх хвароб».

Акрамя таго, у больш позняй перспектыве Ляхавіцкага ПУП «Аўтацэнтр «Вікторыя» — будаўніцтва аўтамабільнай мыйкі і арганізацыя музея старой тэхнікі. Каля паўтара дзясятка ўжо сабраных і часткова адрэстаўраваных рэтрааўто з’яўляюцца нядрэнным для таго эскізам.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *