Служы, як я служыў, сынок

Вясной і  восенню штогод  становяцца ў строй навабранцы. У гэтыя майскія дні  рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь папоўняць 42 юнакі з Ляхавіччыны.
Шасцёра  нашых землякоў  тыдзень назад   адправіліся служыць у  38 асобную дэсантна-штурмавую брыгаду ў Брэсце. Акрамя таго, у армейскай геаграфіі – сухапутныя войскі, войскі супрацьпаветранай абароны, пагранічныя і ўнутраныя. Месцы тэрміновай службы  не абмяжоўваюцца Брэсцкай вобласцю –  гэта і Гродна, Слонім, Мінск. Яшчэ два нашыя землякі будуць служыць у рэзерве.
– З кожным новым прызывам пераконваемся, што навабранцы ідуць у  армію матывавана, фізічна і маральна падрыхтаваныя.  Улічваецца іх жаданне служыць у тым ці іншым родзе  войскаў. Вызначальным у канчатковым рашэнні становяцца стан здароўя, маральна-псіхалагічныя якасці, – адзначае начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята Аляксандр Байчык.
Сярод сёлетніх прызыўнікоў  шасцёра з вышэйшай адукацыяй. Для іх служба будзе доўжыцца год, для астатніх – на паўгода больш.  Зараз навабранцы праходзяць  курс маладога байца, а  10 чэрвеня прымуць прысягу.
У якіх кутках Беларусі ні знаходзіліся б нашы салдацікі, яны ведаюць – дома іх вельмі чакаюць родныя і блізкія. Усе юнакі атрымалі наказ выконваць канстутыцыйны абавязак  дастойна і добрасумленна, прадоўжыць эстафету вайсковых традыцый, каб калісьці з гонарам сказаць: “Служы, як я служыў, сынок!”.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *