І марская капуста ў дапамогу. 25 мая – Сусветны дзень захворванняў шчытападобнай залозы
Шчытападобная залоза з’яўляецца самай буйной эндакрыннай залозай арганізма чалавека. Фізіялагічныя эфекты тырэоідных гармонаў настолькі разнастайныя, што іх недахоп ці лішак адбіваецца практычна на ўсіх сістэмах органаў і працэсах жыццядзейнасці. Яны забяспечваюць фарміраванне нервовай сістэмы і шкілета ў перынатальным перыядзе, павялічваюць спажыванне кіслароду ў тканках, павялічваюць прадукцыю цяпла, аказваюць станоўчае храна- і інатропнае ўздзеянне на міякард, рэгулююць дзейнасць дыхальнага цэнтра, эрытрапаэз.
Неабходнай састаўной часткай тырэоідных гармонаў з’яўляецца ёд. Шчытападобная залоза паглынае яго з плазмы крыві. Асноўнымі крыніцамі ёду з’яўляюцца марскія прадукты, мяса і малако. Мінімальная сутачная патрэба ў мужчын і жанчын складае 100 мкг ёду, у падлеткаў – 200 мкг, у цяжарных і кормячых жанчын – 250 мкг.
Для нармальнага развіцця і функцыянавання шчытападобнай залозы неабходна дастатковае спажыванне ёду. Следства недастатковага спажывання – ёдадэфіцытныя захворванні – эндэмічны валляк, які з’яўляецца фонам для развіцця вузлавога валляка і іншых захворванняў.
Паніжэнне функцыі шчытападобнай залозы – гіпатэрыёз. Гэта сіндром, абумоўлены працяглым стойкім недахопам гармонаў шчытападобнай залозы ў арганізме або зніжэннем іх дзеяння на тканкавым узроўні. Гіпатэрыёз з’яўляецца распаўсюджаным эндакрынным захворваннем і сустракаецца ў 1-2 працэнтаў насельніцтва, з узростам колькасць асоб з гіпатэрыёзам павялічваецца (у пажылых – да 7 працэнтаў). Найбольш частыя яго прычыны – хранічны аўтаімунны тырэяідыт, аперацыйнае ўмяшанне на шчытападобнай залозе, тэрапія радыеактыўным ёдам, транзіторны гіпатэрыёз пры падвострым, пасляродавым тырэяідыце, пры агенезіі і дысгенезіі шчытападобнай залозы.
Для гіпатэрыёза характэрна атлусценне, зябкасць, гіперхалестэрынямія, ранні атэрасклероз, адутлаватасць твару, ацёчнасць канечнасцяў, цяжкасць насавога дыхання, парушэнне слыху, ахрыпласць голасу, санлівасць, зніжэнне памяці, брадыкардыя, болі ў мышцах, парэстэзія, гіпатэнзія, недастатковасць кровазвароту, анемія, парушэнне менструальнага цыклу, цьмяныя, сухія, ломкія валасы, выпадзенне валасоў, сухасць скуры.
Для дыягностыкі захворвання выкарыстоўваецца УЗ-даследаванне шчытападобнай залозы, вызначэнне ўзроўню гармонаў у крыві. Лячэнне праводзіцца прэпаратамі леватыраксіна, доза падбіраецца зыходзячы з узроўню гармонаў.
Вынікам павышэння сінтэзу і сакрэцыі гармонаў шчытападобнай залозы з’яўляецца сіндром тырэятаксікозу. Для яго характэрна тахікардыя, стамляльнасць, зніжэнне масы цела, дрыжыкі ва ўсім целе, раздражняльнасць, парушэнне сну. Можа быць афтальмапатыя, з рэззю ў вачах, вірлавокасцю.
Для аднаўлення ёднага дэфіцыту і, такім чынам, прафілактыкі захворванняў шчытападобнай залозы выкарыстоўваецца масавая ёдная прафілактыка. Гэта вельмі эфектыўны эканамічны метад і дасягаецца ўнясеннем соляў ёду ў найбольш распаўсюджаныя прадукты харчавання: кухонную соль, хлеб, ваду. Індывідуальная прафілактыка заключаецца ў прыёме ёдаўтрымліваючых прэпара-таў, вітамінна-мінеральных комп-лексаў, прадуктаў з водарасцяў.
На дыспансерным уліку ў эндакрыналагічным кабінеце райпаліклінікі стаіць 720 чалавек. Дыягназ гіпатэрыёз пастаўлены 214 з іх, вузлавы валляк – 327, тырэятаксікоз – 7, аўтаімунны тырэяідыт – 234.
Вольга БАРТАШЭВІЧ,
урач-эндакрынолаг.