Таленты і прыхільнікі

22-23 кастрычніка ў Івацэвічах праходзілі заключныя мерапрыемствы абласнога фестывалю аматарскай творчасці “Тэатральнае Палессе-2011”. Ляхавіцкі раён  прадстаўляў народны тэатральны калектыў “Вастраўчане” Востраўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Ён, дарэчы, у падобным фестывалі ўдзельнічаў ужо другі раз. І зноў яго выступленне гледачы прымалі на ўра. У Воленскім СДК Івацэвіцкага раёна нашы самадзейныя артысты паказалі спектакль па творы Міхася Чарота “Мікітаў лапаць” і гумарыстычную праграму “Жыццё – справа тонкая”.

“Нашы “Вастраўчане” заўсёды выступаюць ад душы, шчыра. А для ўдзячнага гледача працаваць не толькі прыемна, але і вельмі лёгка,”– дзеліцца ўражаннямі дырэктар Востраўскага ЦКіВЧ Валянціна Гоўша, яна ж – адна з “вастраўчанак”. З ёй абсалютна згодны рэжысёр праграмы Валянціна Гаўрыльчык, а таксама іх сябры па захапленні тэатральным мастацтвам – прадстаўнікі розных прафесій: настаўнікі Наталля Петухова, Валянцін Дыдышка і Павел Пірштук, загадчык гаспадаркі школы Алена Вайшэвіч, бібліятэкар Галіна Салавей, работнік ЖКГ Артур Малышка.

“Вастраўчане” вярнуліся дадому з дыпломам і падарункамі.

Падчас фестывалю праводзіліся майстар-класы, на якія была запрошана рэжысёр узорнага паэтычнага тэатра “Равеснік” Тухавіцкага СДК Лідзія Барэйкіна. Дарэчы, гэты калектыў па выніках абласнога агляду-конкурсу тэатральнага мастацтва быў адзначаны дыпломам у намінацыі “За лепшую сцэнаграфію” ў спектаклі  “Кветкі пад ліўнем”. Узнагарода была ўручана на “Тэатральным Палессі”.

Соф’я МАРЧЫК,
дырэктар раённага
метадычнага цэнтра

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *