Першы – не лепшы. Пра асаблівасці касавіцы, да якой прыступілі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Ляхавіцкага раёна

Адбылася “прэм’ера” ў сярэдзіне тыдня. А за дзень да гэтай падзеі аграрыі сабраліся на перадкасавічнае пастраенне. Семінар-нарада па пытаннях корманарыхтоўкі сабраў кіраўнікоў, профільных галоўных спецыялістаў гаспадарак раёна і прайшоў на адным з зялёных палеткаў ААТ “Жарабковічы”. Строй –  гэта ў адрас выстаўленай роўнымі радамі на ўскрайку поля тэхнікі. Касілкі, варушылка, граблі-валкавальнік, уборачныя камбайны, прэс-падборшчык, адаптаваны для адвозкі зялёнага груза транспарт, трактар-трамбоўшчык зялёнай масы і іншае. Пакуль іх роля выставачная: укамплектаванасць, прыстасаванасць да канкрэтных умоў работы, тэхнічныя рэгуліроўкі механізмаў, настройкі рабочых органаў – тонкасці, вядомыя прафесіяналам. Але ж чаму не асвяжыць тэорыю, не праверыць яе практыкай напярэдадні стратэгічна важнай кампаніі.
Асаблівасць 2017-га – адсутнасць вясны, прысутнасць красавіцкага “мінуса”. Астатняе –  наступствы: падмарожаныя травы некалькі падраслі, аднак, далёка не дасягнулі нават свайго сярэдняга патэнцыялу. Пайшлі ў трубку, а ўраджай, скажам метафарычна, вылецеў у трубу. У гэтай сувязі істотна большыя, чым звычайна, спадзяванні вяскоўцы захоўваюць на другі ўраджай траў. Але, каб падобны расклад стаў рэальнасцю, патрэбна належна і не без гадавых карэктыровак правесці першую зялёную ўборку. Размова, напрыклад, ішла пра тое, каб раней закончыць. Зялёныя палеткі  атрымаюць больш часу для аднаўлення, атава хутчэй адскочыць, выйдзе ў фазу спеласці, і яе атрымаецца скасіць яшчэ да пачатку ўборкі зерневых. Якая, пра што ўдзельнікі семінара гаварылі адкрытым тэкстам, пачнецца пазней звычайнага. Больш позняя сёлетняя яравая сяўба лагічна адкладвае тэрміны збожжаўборкі. У такім разводзе па часе дзвюх уборак нямала плюсаў, свае перавагі, станоўчыя арганізацыйныя і вытворча-эканамічныя адметнасці.
Важна яшчэ і скасіць з сантыметровай дакладнасцю. Зразумела, што пакінутыя на пні дзесяць дадатковых міліметраў істотна б’юць па  паказчыку ўраджайнасці зялёнай нівы. Але і занадта нізкі зрэз не на карысць другому ўкосу, які пры падобным падыходзе атрымаецца горшым, чым ў выпадку дакладнага выканання тэхналагічных нормаў і правіл вядзення работ.
Абавязковасць выкарыстання агрэгата для варушэння-раскідвання скошанай у валок травы – для раўнамернасці яе падсыхання. Дакладная рэгуліроўка грабляў-валкавальніка – ні кроплі ўраджаю не павінна заставацца ляжаць на сенажаці. Не павінна быць адхілення ад тэхналагічных  нормаў і пры закладванні сянажных траншэй: тэрміны, правільнасць размеркавання, ашчаднасць трамбоўкі. Дарэчы, для выканання апошняй аперацыі гаспадары семінара ў асобе ААТ “Жарабковічы” падрыхтавалі, належна абсталявалі і даўно карыстаюцца “Кіраўцам”. К-700 на трамбоўцы – гэта адзін са складнікаў якасці гатовага прадукту. І, думаецца, раённы эксклюзіў.
Нетрывіяльна, як мінімум, прагучала паведамленне аб дэфіцыце саломы ў гаспадарках раёна. Семінар знайшоў адказ на пытанне, што можа быць альтэрнатывай матэрыялу, які традыцыйна выкарыстоўваецца для закрыцця сянажных траншэй. І іншае, адносна якасных характарыстык корманарыхтовак.
Слова “якасць” было ў ліку найбольш хадавых падчас палявой вучобы. Здаецца, будзе дарэчы скарыстацца вядомым выразам і сказаць: “Лепш менш, але лепш”.
Пры гэтым – аптымізацыя выдаткаў, падлік эканомікі на ўсіх аперацыях, кожным гектары плошчаў і кіламетры прабегу. І, канешне ж, пытанні аховы працы, дакладнае прытрымліванне патрабаванняў і нормаў тэхнікі бяспекі. Сказанае апошнім варта вынесці на першае па значнасці месца: бяспечная праца ў якасці базіса, без адставання, але ар’ергардам, за якім крочаць якасныя характарыстыкі і колькасныя паказчыкі зробленага.
І яшчэ пра асаблівасці аграрнага года. Сёлета, па сцвярджэнні старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча, рацыянальным можа і павінна стаць тое, што ў іншых выпадках такім не з’яўляецца ці з’яўляецца ў меншай ступені. Напрыклад, сенажаванне азімага жыта ў цяперашняй яго фазе вегетацыі ў камбінацыі з алейнай рэдзькай. Прыклад – “Жарабковічы”. Свірэпа, якая здольна набіраць масу і ва ўмовах прахалоды, можа пазней падставіць плячо корманарыхтоўшчыкам ва ўмовах, падобным сёлетнім.
Ну і на 450 дадатковых, звышпланавых гектараў павялічацца ў гэтым годзе пасевы  кукурузы. Усё дзеля багацця кармавога стала жывёлы – насуперак асаблівасцям года.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *