Усе канкурсанткі – сёстры. У Ляхавіцкай райбальніцы выбіралі лепшую медсястру

Як расказала галоўная медсястра ЦРБ Ала Туркіна, у трох этапах канкурсанткі ўпэўнена даказвалі і пацвярджалі высокі прафесіянальны ўзровень, дэманстравалі творчыя здольнасці і таленты. У візітоўцы агучылі дэвіз, з якім “жывуць” у медыцыне, расказалі пра сябе і бачанне прафесіі медыцынскай сястры. Да іспыту падышлі вельмі крэатыўна і натхнёна. Многія раскрыліся для калег у новым амплуа.
У практычнай частцы конкурсу яго ўдзельніцы праходзілі тэсты на веданне санэпідрэжыму, аказанне неадкладнай дапамогі.
А якія ўсе яны гаспадыні, прадэманстравала дамашняе заданне. У ім канкурсанткі прэзентавалі любімыя стравы сваёй сям’і. Прычым, кулінарныя шэдэўры былі і аформлены арыгінальна, і аказаліся, па словах журы, вельмі смачнымі.
“Лепшая медыцынская сястра-2017” па выніках конкурсу Таццяна Булатая працуе ў Навасёлкаўскай амбулаторыі амаль 3 гады, але кароткага часу хапіла, каб пераканаць усіх у сваім прафесіяналізме. Таццяну падчас іспытаў падтрымлівалі не толькі калегі, але і сям’я (дачка нават расказвала верш), і творчы калектыў “Вечарніца”, у якім яна спявае. Акрамя ўсяго, Таццяна знаходзіць час і для хобі – вышыўкі крыжыкам.
Усе 9 канкурсантак атрымалі сувеніры ад прафкама райбальніцы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва райбальніцы.