Максімум увагі, мінімум скорасці

На Ляхавіччыне аварый з удзелам дзяцей за апошнія 3 гады не зарэгістравана. Але гэта зусім не падстава расслабіцца – ні для супрацоўнікаў ДАІ, якія праводзяць актыўную прафілактычную работу; ні для бацькоў, якія павінны не толькі кантраляваць сваіх дзяцей, але і вучыць іх выконваць правілы дарожнага руху, у тым ліку і не ў апошнюю чаргу – уласным прыкладам; ні для вадзіцеляў, для якіх павышаная ўвага за рулём – наогул абавязковае патрабаванне.
Як сведчыць статыстыка, найчасцей у ДТЗ трапляюць дзеці-пешаходы. Зона асаблівай рызыкі – нерэгулюемыя пешаходныя пераходы, асабліва паблізу ўстаноў адукацыі. Тут дзейнічае няўхільнае правіла: максімум ўвагі, мінімум скорасці. Трэба ўлічваць, што маленькія пешаходы могуць з’явіцца на праезнай частцы раптоўна.
Нагадваць пра бяспечныя паводзіны на дарозе хлопчыкам і дзяўчынкам трэба штодзень. Дарэчы, ёсць спецыяльныя камп’ютарныя праграмы па дарожнай тэматыцы, навучальныя фільмы і мультфільмы.
Нельга недаацэньваць патэнцыяльную небяспеку пры перавозцы маленькіх пасажыраў. Правілы дарожнага руху нездарма патрабуюць выкарыстання для гэтага спецыяльных аўтамабільных крэслаў, што адпавядаюць вазе і росту дзіцяці – да 5 гадоў, а таксама ўтрымліваючых прылад (бустэраў і г.д.), што дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця рамянём бяспекі аўтамабіля – да 12 гадоў. Прычым гэтыя ўстройствы павінны мець сертыфікат бяспекі. Звярніце увагу: нормы сертыфіката бяспекі бескаркаснага дзіцячага ўтрымліваючага ўстройства ЕСЕ R44/03 устарэлі яшчэ ў 2009 годзе і сёння не дзейнічаюць.
З 25 мая па 5 чэрвеня ў Беларусі, у тым ліку ў Ляхавіцкім раёне, праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – дзеці!”. У гэтыя дні нават у светлы час аўтамабілі павінны рухацца з уключаным бліжнім святлом фар.
Андрэй ГІЛЬ, ч. в. абавязкі начальніка РАУС.