Дамашняе заданне па макулатуры

Пытаннем нумар адзін на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама ў мінулы панядзелак было выкананне арганізацыямі раёна даведзеных заданняў па нарыхтоўцы  другасных матэрыяльных рэсурсаў. Тэма гэта надзвычай актуальная і на пастаянным  кантролі.

У нашым раёне вызначаны 3 аператары  па зборы другасных рэсурсаў – жыллёва-камунальная гаспадарка, райпо і індывідуальны прадпрымальнік Валерый Пронька. Менавіта ім арганізацыі здаюць макулатуру, шкло і іншую сыравіну.
Але ж  і пры  добра адладжаным механізме ўзаемадзеяння паміж нарыхтоўшчыкамі і здатчыкамі  вынікі чатырох месяцаў  не ўражваюць. Агульны раённы паказчык  ад даведзеных заданняў з пачатку года – 18,3 працэнта (што на 4,7 працэнта ніжэй сярэднеабласнога паказчыка), і гэта  толькі 9-я  пазіцыя ў вобласці. У дэталях нашы вынікі на фоне вобласці выглядаюць  не зусім натхняльна: 17-я  пазіцыя з 19-ці ўвогуле  па макулатуры і 16-я  па пластыку. Па словах начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірыны Грынялевіч, якая трымала справаздачу па пытанні, актыўнасць назіраецца толькі пасля напаміну пра “доўг”.  Але ж гэта не прыватная справа, а дзяржаўная. Пакуль з  59 арганізацый выканалі паўгадавое заданне толькі 18. Радуе, што ёсць і перадавікі: датэрмінова гадавое заданне па зборы паперы “здалі” “Брэсткінавідэапракат” і РАНС, па пластыку – ДП “Нача”, “Белпрампрыбор”, райаграсэрвіс, ПМС. На жаль, не абышлося без тых, хто нават і не пачаў збіраць макулатуру (іх 7) і пластык (такіх 13).
Канешне, многае ў гэтых лічбах залежыць ад зацікаўленай работы аператараў, але ў прамой залежнасці і ад кожнага з нас.  Відавочна і зразумела – рэзервы ёсць. І немалыя. Тым больш, што апошнім часам камунальнікі ў дастатковай колькасці, нават, можна сказаць, у крокавай даступнасці, паставілі  кантэйнеры для паасобнага збору адходаў. У райпо да дзеючых  дабавіўся яшчэ адзін перасоўны пункт.
Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч адзначыў, што нарыхтоўшчыкам трэба весці актыўную растлумачальную работу сярод насельніцтва, пабываць ці не ў кожным доме, зацікавіць  умовамі здачы той жа макулатуры, каб людзі ўбачылі выгаду.
Сваё слова па гэтай тэме, як заўважыў Вячаслаў Лукіч, павінна сказаць і інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якая ажыццяўляе кантроль за абыходжаннем з адходамі.
На апаратнай нарадзе  ўзнімаліся і пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў, нарыхтоўкі кармоў, стану пашаў, работы камісіі па працаўладкаванні  і многія іншыя, якія датычаць жыццядзейнасці раёна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *