Падзяліся часцінкай сябе

Дэвіз акцыі – “Чым вы можаце дапамагчы? Здавайце кроў. Здавайце яе зараз. Здавайце яе часта” – прыцягвае ўвагу грамадскасці да значнасці і неабходнасці гэтай працэдуры. Будуць арганізаваны тэматычныя круглыя сталы, семінары, выязныя донарскія сесіі ў арганізацыях і ўстановах, дні бязвыплатнага донарства і многае іншае. Медыкі нагадаюць пра карысць здачы крыві, раскажуць пра захворванні крыві і г.д.
Многія і сёння лічаць, што здача крыві можа пашкодзіць іх здароўю. На самай справе, гэта не так. Забор крыві вядзецца пад кантролем урача аднаразовым інструментам. Для дарослага чалавека здача стандарт-най дозы крыві – 450 мілілітраў – не ўплывае адмоўна на самаадчуванне і фізіялагічныя працэсы. Наадварот, працэдура ўмацоўвае імунітэт і аздараўлівае арганізм у цэлым. Вучоныя высветлілі, што людзі, якія рэгулярна здаюць кроў, намнога радзей “сустракаюцца” з інфарктам, ішэмічнай хваробай сэрца.
Стаць донарам можа не кожны. Спачатку трэба прайсці дэталёвае ўрачэбнае абследаванне. Некаторыя адхіленні ў здароўі не дазваляюць здаваць кроў. Існуюць і абмежаванні па ўзросце: зялёнае святло даецца тым, каму ад 18 да 60 гадоў.
Сярод донараў ёсць такія, хто здае кроў бязвыплатна. І ў апошні час іх колькасць расце. З пачатку года да акцыі “Бязвыплатнае донарства пачынаецца з мяне” далучыліся 83 нашы землякі. Падчас яе чарговага этапу ў Жарабковіцкім ФАПе былі ўзяты 12 данацый крыві, сярод іх
3 рэдкай групы – трэцяй рэзус адмоўнай.
Медыкі запрашаюць сваіх землякоў прыняць удзел у акцыі, прымеркаванай да Сусветнага дня донара. Магчыма, ваша кроў можа выратаваць жыццё дзіцяці, запаліць іскру надзеі ў хворага.
Ірына ВОЛКАВА,
намеснік галоўнага ўрача ЦРБ.