Дзеці мерзнуць не будуць?

На адной з апошніх апаратных нарад у старшыні райвыканкама  Дзмітрыя Бурдука пракантралявана дзейнасць Свяціцкага сельвыканкама па рашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва і добраўпарадкавання населеных пунктаў на тэрыторыі сельсавета. Трымаўшая справаздачу старшыня Свяціцкага сельвыканкама Святлана Юрасёва сярод іншага звярнула ўвагу на неабходнасць капітальнага рамонту дзіцячага садка ў вёсцы.

Як паведаміла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч, гэта дашкольная ўстанова пабудавана  па тыпавым праекце, разлічана на 3 групы і 75 месцаў. Уведзена ў эксплуатацыю ў 1975 годзе. Цяпер у дзіцячым садку займаецца адна рознаўзроставая група, якую наведваюць 18 дзяцей: 16 дашкольнікаў і 2 першакласнікі. Па прагнозах, колькасць дашкольнікаў тут у бліжэйшыя гады павялічвацца не будзе.

Святлана Юрлевіч згаджаецца, што будынак Свяціцкага дзіцячага сада мае патрэбу ў капітальным рамонце, але ў сувязі з малой колькасцю дашкольнікаў рабіць гэта і ўтрымліваць установу эканамічна немэтазгодна. Побач знаходзіцца сярэдняя школа, разлічаная на 320 вучняў, у якой сёння займаецца 71 чалавек. Згодна прагнозаў, на працягу 5 наступных гадоў колькасць вучняў зменшыцца да 53. Разглядаецца пытанне  аб аб’яднанні ў 2012 годзе Свяціцкай сярэдняй школы і дзіцячага сада ў  вучэбна-педагагічны комплекс “Дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

Што датычыць тэмпературнага рэжыму ў садку ў гэты ацяпляльны сезон, то, як адзначыла Святлана Юрлевіч, уцечку цяпла з памяшкання тут паспрабавалі спыніць шляхам уцяплення вокнаў. Пры ўзнікненні праблем і незахаванні тэмпературнага рэжыму дашкольнікі, па жаданні бацькоў, змогуць наведваць Ліпскі дзіцячы сад, у якім у 2008 годзе зроблены капітальны рамонт і створаны ўсе ўмовы для знаходжання дзяцей. Падвоз малышоў будзе арганізаваны транспартам аддзела адукацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *