У Брэсце закладзена алея Алімпійскай славы

29 кастрычніка побач з плошчай Алімпійскай славы Брэстчыны прайшла закладка алеі Алімпійскай славы з 16-ці серабрыстых клёнаў – па ліку брэсцкіх спартсменаў, якія заваявалі медалі алімпійскіх і паралімпійскіх гульняў.

Арганізатарамі акцыі выступілі Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці і ўпраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама, запрасіўшы на ўрачыстую цырымонію чэмпіёнаў і прызёраў алімпіяд, а таксама іх трэнераў.

Алея атрымалася па-сапраўднаму зорнай. Дзесяць дрэў пасадзілі алімпійцы. Гэта першы беларускі чэмпіён Сяргей Макаранка (веславанне на байдарках і каноэ) і ўраджэнец Маларыты, чэмпіён і сярэбраны прызёр дзвюх алімпіяд цяжкаатлет Леанід Тараненка. Наш       гонар – “белая маланка” Юлія Несцярэнка і чэмпіёнкі паралімпійскіх гульняў у Барселоне (1992 год) і Атланце (1996 год) ураджэнкі Піншчыны Таццяна Грышко (стральба з лука) і Ірына Леанцюк (лёгкая атлетыка). Ганарыцца Пінск і бронзавым прызёрам Гульняў у Атланце 1996 года Тамарай Самахвалавай (Давыдзенка), імянное дрэва якой таксама з’явілася на алеі Алімпій-скай славы. Ёсць цяпер свой серабрысты клён і ў сярэбранага прызёра Алімпіяды-80 Барыса Ісачэнкі (стральба з лука), а таксама ўладальнікаў бронзавых узнагарод гульняў у Атланце, Афінах і Пекіне Яраславы Паўловіч і Наталлі Гелах (веславанне акадэмічнае). Пасадзіў маладзенькае дрэўца і ляхавіцкі пар-        алімпіец, бронзавы прызёр  Х зімніх паралімпійскіх гульняў у Ванкуверы Дзмітрый Лобан.

Прысутнічала на цырымоніі і ўдзельнічала ў закладцы Алеі ўдава сярэбранага прызёра      Алімпіяды-80 маларыцкага лёгкаатлета Пятра Пачанчука  Ала Пачанчук: алея звязала малую радзіму яе мужа, Брэст і Гродна, дзе цяпер яна жыве. Разам з ёй, цяпер ужо дрэва памяці, садзіў і трэнер Пятра Іванавіча Васілій Хапаль.

Двухразовага алімпійскага прызёра Наталлю Сазановіч (лёгкая атлетыка) прадстаўляла яе першы настаўнік – трэнер-выкладчык СДЮШАР № 2 горада Баранавічы Лідзія Лешчукевіч, а пінчанку Ганну Бацюшка (цяжкая атлетыка) – дырэктар СДЮШАР г. Пінска Марына Натынчык. Клёны для сваіх зорных выхаванцаў пасадзілі    першы трэнер двухразовага бронзавага прызёра Сяргея Мартынава (стральба кулявая) Уладзімір Сталяроў і трэнер двойчы “бронзавай” Юліі Бічык (веславанне акадэмічнае) Уладзімір Сінельшчыкаў. Самую вядомую алімпійку Століншчыны – лёгкаатлетку На-дзею Астапчук – прадстаўлялі першы трэнер, намеснік дырэктара ДЮСШ г. Століна Васілій Мамайка і трэнер-выкладчык Брэсцкага абласнога ВАР Валерый Аксянчук.

“Алея Алімпійскай славы – гэта сімвал высокіх дасягненняў спартсменаў Брэстчыны, – сказаў на цырымоніі адкрыцця старшыня Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці Леанід Цупрык. – Гэта памяць і  падзяка спартсменам і трэнерам, якія змаглі забяспечыць высокія спартыўныя дасягненні і праславіць Беларусь на міжнароднай арэне. І я жадаю маладым атлетам, якіх шмат на гэтым мерапрыемстве, дасягнуць такіх жа вышынь і пасадзіць на гэтай алеі сваё дрэва”.

Як адзначыла выканаўчы дырэктар Прадстаўніцтва Алена Белаконенка, Алея стала                    часткай плошчы Алімпійскай славы і ў будучым годзе будзе дапоўнена стэндамі, якія раскажуць пра кожнага алімпійца.

Працягвалася свята ў Палацы водных відаў спорту: госці пабывалі на водна-спартыўным свяце і пазнаёміліся з інфраструктурай палаца. Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці ўсім алімпійцам уручыла сувеніры з сімволікай НАК Беларусі.

Ірына АЛЬШОВА,
прэс-сакратар
Прадстаўніцтва НАК Беларусі
ў Брэсцкай вобласці

Фота: http://www.noc.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *