“Мы будзем разам”

Яркі вобраз, энергія праз край, усмешка шчыра-сонечная, голас прыгожа-моцны – на сцэне зорка беларускай  эстрады Аляксандр Саладуха. Кожнае яго выступленне – музычна-маштабнае  шоу, кожная песня – непаўторна-цудоўная  гісторыя. 14 чэрвеня  ў гарадскім Доме культуры Аляксандр будзе спяваць для ляхавічан. У новай канцэртнай праграме “Мы будзем разам” артыст прэзентуе 11-ы  па ліку сольны альбом. Новыя песні, новая аранжыроўка, але па-ранейшаму вочы ў вочы з кожным гледачом у зале, калі адчуваеш, што спяваюць для цябе.
Стартаваў вялікі  гастрольны  тур пры аншлагу ў Брэсце  1 лютага. Сёння за плячамі ў Саладухі і яго каманды 2 дзясяткі гарадоў і мноства эмоцый, якімі артысты  шчодра дзеляцца на сваіх канцэртах.
“ЛВ” пацікавіўся творчымі планамі  спевака.
– Аляксандр, з якім настроем прыязджаеце ў Ляхавічы і чым будзеце здзіўляць?
–  У Ляхавічы заўсёды адпраўляюся  з радасцю і задавальненнем. З горадам  звязаны самыя прыемныя ўспаміны і нават некаторыя старонкі біяграфіі. Менавіта ў мясцовую  санстанцыю загадчыкам санітарнага аддзела   35 гадоў назад я быў размеркаваны пасля заканчэння Мінскага медінстытута. Але не даехаў –  пераразмеркаваўся і накіраваўся ў  сталіцу.
Для мяне не мае значэння, дзе выступаць: у Мінск-арэне ці ў раённым Доме культуры. Працую з поўнай аддачай  усюды – толькі  так можна заваяваць гледача, заслужыць яго давер. У глыбінцы народ асабліва тонка адчувае, дзе фальш,  а дзе шчырасць.
“Мы будзем разам” – чацвёрты вялікі тур  па Беларусі, 982 канцэрты за 30 гадоў творчай дзейнасці. А яшчэ чвэрць стагоддзя назад нарадзіўся шлягер  “Здравствуй, чужая милая”.   Дзве гэтыя важныя для мяне даты сталі падставай для тура і  запісу новай пласцінкі.  На канцэрце будуць гучаць як вядомыя  хіты, так і кампазіцыі з новага альбома “Мы будзем разам”, што запісваўся ў Маскве.  На сцэне з новымі песнямі і мае сыны Антон і Саша  – група  “Элемент”.
– Спявак Аляксандр Саладуха  плануе загадзя, выбудоўвае траекторыю творчай дзейнасці?
– Як сын ваеннага люблю, каб усё было на сваіх месцах, у парадку, аналізую, падводжу вынікі. На календары 2017 год, а я ўжо складаю творчыя планы на 2019. Там  будзе   таксама  маштабны тур з  назвай – “Аляксандр Саладуха – 6:0”, а ў 12-ы  альбом увойдуць лепшыя песні з майго рэпертуара –   на рускай і беларускай мовах.
– Артыст і ўрач – ці спалучаюцца гэтыя два амплуа?
– Канешне, я верны клятве Гіпакрата, са сцэны песнямі лячу душы людзей.
– На старонцы ў сацыяльнай сетцы вы шчыра радуецеся поспеху калег па шоу-бізнесу, рэпосціце іх выступленні…
– Трэба гаварыць добрыя словы, хваліць, калі бачыш, што ў чалавека штосьці добра атрымліваецца. Закон жыцця: чым больш аддаеш, тым больш атрымліваеш. Было вельмі прыемна, калі фанаты ўзнагародзілі мяне статуэткай “Потому что лучший”. Такія падзеі  натхняюць, надаюць сілы.
– Апора ў жыцці Аляксандра Саладухі –  гэта хто?
–  Як бы гэта ні гучала пафасна – гэта Радзіма, родныя мясціны, беларуская  зямля, мая жонка Наталля, дзеці, унукі. Канешне, мая каманда, калектыў, з якім працуем, развіваемся. Сям’я і дзеці падтрымліваюць мяне ва ўсіх пачынаннях. Дачка Варвара сёлета пойдзе ў 1 клас, 2 гады займаецца вакалам і харэаграфіяй і ўжо мае дыпломы і ўзнагароды. Спадзяюся, што з цягам часу на афішы будзе пазначана: “Аляксандр Саладуха, сыны і Варвара”.
Мая любоў – мае гледачы, якім я шчыра ўдзячны за шматгадовую ўвагу і інтарэс да маёй творчасці. Усіх вас, ляхавічане, буду рады бачыць на канцэрце. Спадзяюся, што  праграмма “Мы будзем разам” не расчаруе нікога. Заўсёды ваш, Аляксандр Саладуха.
Гутарыла Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *