Абноўкі ад Сусветнага банка
У першы дзень лета ў гімназіі было мнагалюдна і не толькі таму, што ішлі выпускныя экзамены. Тут пачаліся праектныя работы па падрыхтоўцы да капітальнага рамонту харчаблока і іншых памяшканняў, пасля якога будзе ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне ў вучэбных кабінетах.
Яшчэ ў 2015 годзе аддзел адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама ўключаны ў праект “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, які крэдытуецца Сусветным банкам развіцця і накіраваны на павышэнне якасці навучальнага працэсу у сярэдніх агульнаадукацыйных установах краіны. Дарэчы, навучальныя ўстановы Ляхавіччыны ўпершыню ўдзельнічаюць у такім праекце, і ім адразу пашанцавала трапіць у пералік тых, хто атрымае крэдытаванне.
Перш чым прафінансаваць праект, супрацоўнікі Сусветнага банка развіцця прааналізавалі ляхавіцкую заяўку, падрыхтаваныя разлікі, вывучылі грамадскую думку для вызначэння сацыяльнай абгрунтаванасці праекта, правялі ў нашым раёне анкетаванне, апытанне.
З прапанаваных навучальных устаноў выбралі СШ № 1, гімназію і Начаўскую СШ. Работы па мадэрнізацыі праходзяць паэтапна. Спачатку яны пачаліся ў СШ № 1. Летась тут зроблены капітальны рамонт санвузлоў, што каштавала
120 тысяч долараў, а сёлета ў школе з’явяцца новыя кабінеты хіміі, біялогіі, інфарматыкі з сучасным абсталяваннем і мэбляй. Такая мадэрнізацыя каштуе 80 тысяч долараў.
Цяпер на чарзе гімназія. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Прыхач удакладніў: сёлета павінен завяршыцца капітальны рамонт харчаблока і іншых памяшканняў (кошт 230 тысяч долараў). А ў 2018-м навучальная ўстанова парадуецца новым кабінетам хіміі, біялогіі, інфарматыкі.
У 2019 і 2020 гадах крэдытавання ад Сусветнага банка развіцця дачакаецца і Начаўская СШ.
Галіна КАНЬКО.