Сенажу стала менш па танажу

У прыватнасці, калі раўняцца на лічбы мінулага года. Што, мабыць, будзе не зусім карэктным параўнаннем, улічваючы нядобра вядомыя прыродныя фактары цяперашняй вясны. Але факт: на гэтую пару летась аграрны сектар раёна валодаў больш значнымі кармавымі нарыхтоўкамі. Калі весці разлік у цэнтнерах кармавых адзінак на ўмоўную галаву, з мінусам пакуль працуюць  усе сельгаспрадпрыемствы. А першая касавіца, між тым, выходзіць на экватар: з 10500 першапачатковых зялёных гектараў скошана прыкладна палова. На большай частцы плошчаў трава ўбрана, на іншых – спее да стану ўборачнай гатоўнасці.
Калі не колькасць, то абавязкова якасць. Апошняе можа быць добрай альтэрнатывай першаму. Менш, але лепшай якасці – абавязковая для выканання пры любых раскладах, сёлета гэтая формула актуальна ў квадраце. Дыктатура тэхналогіі – вось што павінна быць і, як правіла, з’яўляецца дэвізам сапраўднага корманарыхтоўшчыка. Калі сянажная маса закладваецца ў траншэю, то за 3-4 дні яна павінна быць закрыта. Пры гэтым (што, канешне ж, трэба разглядаць як крайні выпадак) – нават калі і не завершана.
Але траншэйны спосаб сенажавання паступова здае пазіцыі. Адступае пад націскам плёначнай тэхналогіі.  За выключэннем пары-тройкі не самых фінансава рэйтынгавых суб’ектаў гаспадарання, названы метад рэалізоўваюць усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна. ЗАТ “Белпрампрыбор”, напрыклад, нічога іншага не прызнае і ўсе свае сянажныя закладкі “схаваў” у поліэтылен. Прадукцыйна працуе ў гэтым накірунку СВК “Ляхавіцкі”, падплёначныя сянажныя нарыхтоўкі якога складаюць ужо ці не тысячу тон. Ды і ў цэлым, корманарыхтоўка ў “Ляхавіцкім” характарызуецца дастаткова высокімі, на фоне іншых, лічбамі. На момант, калі рыхтаваўся гэты матэрыял, іх агульная сянажная закладка набліжалася да 5 тысяч тон. І гэта на фоне менш як 13 тысяч агульнараённых запасаў.
Добры старт узялі корманарыхтоўшчыкі ДП “Нача”. І як вынік – з касьбой ужо фінішавалі: з вызначанага пад касавіцу 600-гектарнага зялёнага палетка на пні не засталося ні травінкі. Даўбіраюць, уладкоўваюць…
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *