Свая каляя Уладзіміра Рамейкі. У Ляхавічах адкрылася выстава мастака Уладзіміра Рамейкі
У Ляхавіцкай “купалаўцы” ў мінулую пятніцу адкрылася экспазіцыя творчых работ нашага земляка мастака Уладзіміра Рамейкі. На выставе пад назвай “Свая каляя” прадстаўлена каля 20 работ майстра, напісаных у розныя часы.
Чорна-белыя і каляровыя, партрэты і пэйзажы, тэматычныя і абстрактныя, на кардоне і паперы, на метале і палатне – карціны разнапланавыя і па тэхніцы выканання, і па сюжэтах. Але іх аб’ядноўвае нейкая незвычайная энергетыка, якая зыходзіць з кожнай работы. Гледзячы на іх, узнікае адчуванне, што бачыш нешта знаёмае, блізкае. І назвы гавораць самі за сябе: “Пад месяцам залатым”, “Бярозавы сакавік”, “Вячэрняя ціша”, “Зімовая элегія”, “Ускраіна горада” …
Уладзімір Рамейка вельмі любіў родныя мясціны і атрымліваў натхненне, падарожнічаючы па краіне. Ён аб’ездзіў літаральна ўсю Еўропу, пабываў у вялікіх і малых краінах, але на палатно да мастака найчасцей прасіліся беларуская прырода, нашы невялікія вёсачкі, гарадскія скверы і паркі.
29 мая майстру споўнілася б 80 гадоў. Пяць гадоў назад ён пайшоў з жыцця, але памяць пра яго жыве ў сэрцах родных, прыхільнікаў яго творчасці.
– Вялікі гонар, што 80-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Паўлавіча адзначаецца ў родным для яго Ляхавіцкім раёне, сярод землякоў, якіх ён вельмі паважаў і заўсёды лічыў самымі шчырымі, уважлівымі, – з такімі словамі ўдава мастака Вольга Рамейка звярнулася да ўсіх, хто сабраўся ў бібліятэчнай зале на адкрыцці выставы.
Яна расказала пра лёс мужа, у якім былі і Сібір, куды яго сям’ю адправілі ў час сталінскіх рэпрэсій, і бясконцая любоў да кніг і чытання, і лёсавызначальныя сустрэчы з вядомымі беларускімі мастакамі, якія сталі яго педагогамі ў мастацкім вучылішчы і тэатральна-мастацкім інстытуце, і адкрыццё першай у былым Савецкім саюзе прыватнай майстэрні ў Баранавічах – горадзе, дзе Уладзімір Рамейка жыў з 1965 года.
– Жывапіс – толькі частка яго таленту. Уладзімір Паўлавіч – аўтар манументальных работ, тварыў у галіне дэкаратыўных відаў мастацтва – вітраж, мазаіка, фрэска, металапластыка і медальернае мастацтва, кніжная ілюстрацыя, графіка. Ён не любіў паўтарацца, таму кожная работа не падобная на папярэднюю, – расказвае Вольга Іванаўна.
За 55-гадовую творчую дзейнасць было арганізавана больш за 60 выстаў яго работ на Радзіме і за яе межамі: Германія, Партугалія, Італія, Францыя, Польшча, Расія. Творы Уладзіміра Рамейкі знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, музеях Баранавічаў і Брэста, прыватных калекцыях. А самыя памятныя і любімыя захоўваюцца ў сям’і, частку з іх могуць убачыць і ляхавічане. Адна з самых-самых у Вольгі Іванаўны – чорна-белая “Памяць дзяцінства”, напісаная ў 1964 годзе. На ёй – вобразы двух маладых мужчын без ног у ваеннай форме. Гэта пасляваенныя ўспаміны пра салдат, якія пакалечанымі вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай, і своеасаблівы заклік: “Людзі, не дапусціце новых войнаў!”.
А вось і лёгкі лірычны пейзаж “Зімовая сімфонія”. Бела-ружовая дымка прапускае праз сябе тонкія ствалы бяроз…
Яшчэ адна творчая работа, міма якой нельга прайсці і не спыніцца, мае назву “Канюхоўскі калодзеж”. І сёння гэта месца можна лёгка знайсці ў роднай вёсцы мастака, каля былой хаты яго хроснай маці.
Убачыўшы некалькі карцін таленавітага земляка, напэўна, захочацца больш грунтоўна пазнаёміцца з яго творчасцю. Дзякуй супрацоўнікам “купалаўкі”, што паклапаціліся пра гэта і прывезлі выставу ў Ляхавічы, дзе экспазіцыя будзе знаходзіцца да пачатку ліпеня.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Интересно было узнать, что Владимир Ромейко уроженец Ляховичского района — не раз видела в Барановичах вывеску с названием одноимённой мастерской. Приятно, что наши земляки достигают успехов, признания в различных сферах деятельности, печально, что не вседа знаем об этом.