Як медыкі турыстамі сталі
Замест белых халатаў – спартыўная форма, а замест скальпеля, фанендаскопа, кропельніцы – веласіпеды, канат, компас. Усяго на два дні медыкі Брэстчыны перакваліфікаваліся ў спартсменаў падчас турыстычнага злёту, які прайшоў 2-3 чэрвеня на базе заказніка “Сярэдняя Прыпяць”, што ў Лунінецкім раёне. У спаборніцтвах удзельнічалі 14 каманд з розных раёнаў, у тым ліку і дружына Ляхавіцкай райбальніцы. Ініцыятарам злёту выступіў абласны камітэт прафсаюза медыцынскіх работнікаў.
– Злёт – гэта не толькі выдатная магчымасць адпачыць ад будзённых спраў, але і сустрэцца з калегамі з іншых раёнаў, – дзеліцца ўражаннямі галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч.
Ляхавіцкія медыкі на такім спартыўна-аздараўленчым форуме навічкі, але і першы ўдзел аказаўся ўдалым. На ўсіх этапах – візітоўка, тэхніка пешаходнага турызму, язда на веласіпедзе, у тым ліку фігурная і парная, спартыўнае арыентаванне, перацягванне каната, кулінарным і творчым – нашы землякі паказалі хай не пераможныя, але блізкія да гэтага вынікі.
У якасці візітоўкі медыцынская каманда Ляхавіччыны прэзентавала спектакль, у якім былі задзейнічаны галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч і старшыня прафсаюзнай пярвічкі ўрач-оталарынголаг Васілій Гарбачоў.
З азартам і майстэрствам фігурна ездзілі на веласіпедах урачы-тэрапеўты Андрэй Курак і Святлана Ракашэвіч, хірург Ян Марчык. А на доўгай дыстанцыі загадчык рэнтгеналагічнага аддзялення Сяргей Памазанскі абагнаў не аднаго саперніка. Уменне арыентавацца ў незнаёмай мясцовасці, хуткасць і назіральнасць прадэманстравалі ўрачы-тэрапеўты Андрэй Пуцілаў, Алег Арлоўскі, Кацярына Фірусь, педыятр Вольга Грыцкевіч, фельчар Сваятыцкага ФАПа Дзмітрый Гібеж. Добрую фізічную падрыхтоўку ў перацягванні каната паказалі вадзіцелі Аляксандр Маслоўскі і Віктар Дзямід.
За дапамогу ў падрыхтоўцы медыкі ўдзячны дырэктарам ДЮСШ Валянціне Русакевіч, цэнтра турызму і краязнаўства Ніне Прыхач і настаўніку фізічнай культуры і здароўя гімназіі Уладзіміру Туркіну.
Спадабаўся журы, а галоўнае ўдзельнікам плоў, прыгатаваны галоўнай ляхавіцкай медсястрой Алай Туркіной з дапамогай урача-неўролага Лізаветы Цалей. А выкананне конкурснай песні “В тёмно-синем лесу…” ў перакладзе на медыцынскую тэму сустрэлі апладысментамі.
Цудоўная атмасфера, пазітыўны настрой, выдатная арганізацыя, мноства станоўчых эмоцый – такім запомніўся сёлетні турыстычны злёт ляхавіцкім медыкам.
Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва райбальніцы.