Чалавек сярод людзей

Менавіта так вызначаецца тэма сустрэчы, якая адбылася напрыканцы кастрычніка ў Альхоўскім Доме культуры.

Чалавек не можа і не павінен жыць адзін. Самае страшнае для нас – гэта адсутнасць зносін, узаемападтрымкі, дапамогі і клопату іншых. На жаль, у сучасным свеце людзі жывуць даволі адасоблена: рэдка бачацца, мала клапоцяцца пра тых, хто не спраўляецца з нейкімі абставінамі, часта зайздросцяць адзін аднаму. Нават у вёсках цяпер часам адчуваецца пэўная адасобленасць.

“Палюбі сябе, і цябе палюбяць людзі”, – гэта сцвярджэнне няправільнае ці яго трэба разумець так: “Жыві так, каб не было сорамна за твае справы, учынкі”. Гэтую думку выказаў айцец Сергій – свяшчэннік праваслаўнай царквы вёскі Навасёлкі. Як часта раўнадушша, абыякавасць да законаў і нават да жыцця свайго і іншых лю-дзей прыводзяць да вялікай бяды. Менавіта сцвярджэнне, агучанае начальнікам РАНС Валерыем Равінскім, мае сумнае пацвярджэнне: за 9 месяцаў сёлета ў раёне адбылося 36 пажараў, якія забралі жыцці трох чалавек. Лічбы па вобласці яшчэ больш жахлівыя.

Вельмі часта прычынай трагічных здарэнняў становяцца злоўжыванне алкаголем, курэнне ў ложку, нецвярозы вадзіцель за рулём аўтамабіля ці ліхач, які перавышае скорасць руху. Інспектар дарожна-патрульнай службы Віктар Столяр прывёў статыстыку дарожных здарэнняў у раёне за  3 кварталы: 10 ДТЗ, 2 чалавекі загінулі,  8 атрымалі траўмы.

Беражы сваё жыццё, чалавек, і жыццё іншых людзей! Гэты заклік гучаў у выступленнях намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Крука і старшыні Альхоўскага сельскага Савета Вячаслава Кулака, інспектара РАУС Івана Карповіча. Эмацыянальны і змястоўна насычаны дыялог з залай вёў намеснік начальніка абласнога цэнтра па прапагандзе і навучанні Алег Казлоў.

Быў паказаны тэматычны фільм. Я пераканана, што хаця такія сустрэчы, як у Альхоўскім ДК, рэзка не памяняюць светапогляд нашых людзей, але ўсё ж прымусяць іх сур’ёзна задумацца над відавочным: самае галоўнае ў жыцці – жыццё, і ставіцца да яго трэба беражліва. А гэта ўжо вынік.

Галіна МІХАЛЬЧУК,
мастацкі кіраўнік
Альхоўскага ДК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *