Акуратны апаратны панядзелак

На парадку дня чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама значылася адно пытанне: “Аб выкананні планаў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Начаўскага сельсавета”. Справаздачу трымаў старшыня сельвыканкама Вячаслаў Новік.
Зроблена нямала, хоць, па прызнанні дакладчыка, нягледзячы на зробленае, належны санітарны парадак на тэрыторыі населеных пунктаў яшчэ не наведзены. Павінна і будзе працягнута работа па зносе  дамоў – трухлявых, у якіх ніхто не пражывае. Патрабуюць увагі месцы, сумежныя з размешчанымі на тэрыторыі сельсавета некаторымі шматкватэрнікамі. Вакол шэрага гаспадарчых пабудоў сустракаюцца “шэрыя” ў плане добраўпарадкавання плямы. Удасканалення, казённай мовай кажучы, патрабуе работа па наладжванні ўстойлівай сістэмы ўтылізацыі камунальных адходаў. Дагаворы на аказанне арганізацыяй-аператам паслугі па зборы і ўтылізацыі адходаў заключылі 84,6 працэнта домаўладанняў сельсавета. Задача, на якой акцэнтаваў увагу старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч: у бліжэйшыя месяцы выйсці на абсалютны працэнт. Гэта ў адрас не толькі начаўскай –  усіх адміністрацыйных тэрыторый раёна. Інакш не пазбегнуць несанкцыянаваных сметнікаў, якія то тут, то там перманентна ўзнікаюць і гэтак жа ўбіраюцца. За бюджэтныя грошы, якія можна было б куды больш рацыянальна выкарыстоўваць.
Моманты са знакам мінус, якія, аднак, неаднаразова перакрываюць спіс добрых спраў, выкананых у перыметры тэрыторыі Начаўскага сельсавета толькі за апошнія месяцы. Расклад класічна-традыцыйны: перш-наперш – татальная ўборка ўсяго таго бруду, які “пакінула” пасля сябе зіма, абнаўленне кветнікаў, добраўпарадкаванне старых і разбіўка новых газонаў вакол і побач размешчаных на тэрыторыі арганізацый і ўстаноў. Догляд месцаў агульнага карыстання, выдаленне аварыйных дрэў, уборка несанкцыянаваных сметнікаў, “праўка” агароджаў і іншае. Нагадаем факт, які заслугоўвае асобай увагі: частка работ па добраўпарадкаванні асобных месцаў і тэрыторый сельсавета спрасцілася, дзякуючы, скажам пакуль без расшыфроўкі, мецэнатству. Вячаслаў Новік назваў адрасы і аўтараў парадку: кіраўніцтва і калектывы Начаўскіх сярэдняй школы, дзіцячага сада, урачэбнай амбулаторыі, Русінавіцкага дзіцячага сада.
Пры мностве ўсяго таго добрага, выдатнага, цудоўнага, што адбываецца на Ляхавіччыне ў добраўпарадкаванні, старшыня райвыканкама запатрабаваў узмацніць узаемадзеянне ў гэтым пытанні ўсіх профільных службаў раёна. Гэтак жа, як і актывізаваць работу з насельніцтвам, узмацніць адміністрацыйны рэсурс, іншае. Тычыцца ўсіх, а не толькі Начы.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *