У здаровым калодзежы – здаровая вада

У падтрымцы нашага здароўя вялікую ролю адыгрывае вада, якую мы выкарыстоўваем у харчовых мэтах. Калі мы можам быць спакойныя за якасць вады цэнтралізаваных сістэм водазабеспячэння, то якасць вады індывідуальных шахтавых калодзежаў залежыць ад многіх фактараў, бо ў іх выкарыстоўваецца вада з верхніх ваданосных пластоў, якія могуць забруджвацца дажджавымі, паводкавымі і іншымі водамі.
Толькі пры выкананні вызначаных правілаў размяшчэння, будаўніцтва і эксплуатацыі шахтавых калодзежаў можна атрымаць чыстую і бясшкодную для здароўя пітную ваду.
Пры выбары месца для будаўніцтва шахтавага калодзежа варта размясціць яго на ўзвышаным участку, які не затапляецца ў час паводак і ліўняў і аддалены ад надворных туалетаў, сметнікаў, хлявоў і месцаў захоўвання гною на адлегласці не менш за 20 метраў. Не дапускаецца каля калодзежаў мыццё і паласканне бялізны.
Зруб калодзежа павінен узвышацца над зямлёй на метр. Вакол ўладкоўваецца “гліняны замок”: для гэтай мэты вакол калодзежа выкопваюць яму глыбінёй 1,5-2 метры і шырынёй да 1 метра ад сценак калодзежа. Створаны катлаван засыпаюць глінай і добра ўтрамбоўваюць. Паверх “глінянага замка” робяць адмостку: бетонны насціл з ухілам ад калодзежа. Для гэтай мэты таксама можна выкарыстоўваць камяні або асфальт. Каб у вадзе не было муці, дно калодзежа засыпаюць слоем гравію. Калодзеж павінен мець накрыўку або навес для папярэджання пападання ў яго ападкаў. Для вядра ўстанаўліваецца лаўка або падстаўка.
Каб папярэдзіць забруджванне калодзежа, у тым ліку нітратамі, неабходна выконваць наступныя патрабаванні: рацыянальна выкарыстоўваць арганічныя і мінеральныя ўдабрэнні, захоўваць гной на спецыяльна адведзеных участках. Тэрыторыя каля калодзежа павінна быць агароджана і ўтрымлівацца ў чысціні. Чысціць шахтавыя калодзежы трэба не радзей аднаго раза ў год з адначасовым рамонтам абсталявання і мацавання, а таксама па патрабаванні тэрытарыяльных органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць дзяржсаннагляд.
На жаль, многія патрабаванні домаўладальнікі не выконваюць, што пацвердзілася пры сакавіцкім абследаванні індывідуальных шахтавых калодзежаў у аграгарадку Жарабковічы: навесы калодзежаў часткова паламаныя, накрывак няма, “гліняныя замкі” і адмосткі адсутнічаюць, тэрыторыі калодзежаў не агароджаны, побач мыюць бялізну, ходзяць свойскія птушка і жывёла.
Па выніках лабараторных даследаванняў, у Брэсцкай вобласці ў 2016 годзе больш за 50 працэнтаў даследаваных проб вады шахтавых калодзежаў не адпавядалі гігіенічнаму нарматыву па ўтрыманні нітратаў, у Ляхавіцкім раёне – 80 працэнтаў даследаваных проб, пры гэтым назіраецца тэндэнцыя да павелічэння долі проб з завышаным утрыманнем нітразлучэнняў.
Аляксандр ЛЕБЯДЗЕВІЧ,
урач-гігіеніст райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *