Брэзін тут, Брэзін там
Пад апладысменты сяброў з будаўнічага атрада «Флагман» чацвёртакурснік 43-й групы агранамічнага аддзялення, будучы плодаагароднінавод Рыгор Брэзін на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай пачатку новага навучальнага года, прымаў заслужаную ўзнагароду. Па выніках працоўнага семестра сёлета ён прызнаны лепшым будатрадаўцам установы. Такое званне працавіты і ініцыятыўны юнак атрымаў па праву. Ён не толькі задаваў тон у будатрадзе, дзе без прамаруджвання браўся за любую справу, але і выступаў ініцыятарам разнастайных мерапрыемстваў падчас адпачынку.
Гэты хлопец усюды паспявае. Ён заўзяты аматар спорту, прычым не пасіўны балельшчык, які толькі сочыць за тэлетрансляцыямі са спартыўных спаборніцтваў, але і сам з задавальненнем займаецца на трэнажорах і сваім любімым футболам.
— Праз некалькі дзён стартуюць раённыя спаборніцтвы па футболе, і мы, рабяты з вуліцы Чкалава, выстаўляем сваю аматарскую каманду, — расказвае Рыгор.
Да таго ж у каледжы Брэзін — актыўны і паспяховы ўдзельнік мастацкай самадзейнасці і тутэйшай каманды КВЗ.
— Рыгор валодае добрым пачуццём гумару, рабятам з ім цікава і весела, ён так і фантаніруе шматлікімі ідэямі, адгукаецца на любую прапанову ў арганізацыі вольнага часу каляджан, — характарызуе юнака намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мікалай Дабрыянец.
Сапраўды, аўтарытэт у Брэзіна сярод рабят ёсць, нездарма яго абралі старастам агранамічнага аддзялення. І ён паспяхова спалучае грамадскую работу з вучобай. Па выніках мінулага курса Рыгор Брэзін стаў уладальнікам імянной стыпендыі Брэсцкага абласнога саюза аграпрамысловага комплексу.
— Я ні разу не пашкадаваў, што абраў прафесію плодаагароднінавода. Мне цікава вучыцца, кожны дзень прыносіць новыя веды. Нават цяжка вызначыць, што больш захапляе — тэорыя ці практыка, — дзеліцца будучы спецыяліст-аграрый і дадае: — Абавязкова пасля заканчэння ЛДАКа паспрабую атрымаць і вышэйшую адукацыю, буду паступаць на агранамічнае аддзяленне Гродзенскай сельскагаспадарчай акадэміі.
Каледж для нашага юнага земляка не толькі месца, дзе ён атрымлівае сярэднюю спецыяльную адукацыю, але і працяг традыцыі. Яго бацька — былы выпускнік гэтай жа ўстановы, прычым таксама агранамічнага аддзялення. Да таго ж старэйшы Брэзін доўгі час працаваў у ЛДАКу.
Спраў у чацвёртакурсніка — не пералічыць. Зараз ён разам з сябрамі праходзіць вытворчую практыку, не за гарамі і зімовая экзаменацыйная сесія, а яшчэ ён рыхтуецца да абласнога этапа конкурсу «Лепшы будатрадавец».