Перамелецца – не перамелецца?..
На гарачую лінію раёнкі патэлефанавала жыхарка Альхоўцаў і паскардзілася: паўгода ўжо не працуе тутэйшы млын, што належыць ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Вяскоўцы, якія трымаюць падсобную гаспадарку, такім чынам займелі нязручнасці. У райаграсэрвісе наконт гэтага патлумачылі: у сувязі са значнай запазычанасцю на многіх аб’ектах арганізацыі, у тым ліку і гэтым, адключана электраэнергія, таму млын і не працуе. Па словах дырэктара райаграсэрвіса Аляксандра Ажаля, кожную пятніцу ў другой палове дня працуе млын у складскіх памяшканнях КЗС у Малым Гарадзішчы. Скарыстацца паслугамі могуць усе жадаючыя. Аднак, прывезці сюды зерне трэба самастойна.
А што ў іншых населеных пунктах? “ЛВ” паспрабаваў высветліць, як вырашаецца ў раёне “млыннае” пытанне.
Гадоў дзесяць назад у Мядзведзічы з’язджаліся не толькі гаспадары з бліжэйшых вёсак, але і з больш далёкіх: вельмі ж добры тут быў млын. Цяпер яго няма. Паслугу пачаў аказваць прыватнік. Людзі каапераваліся паміж сабой і на вызначаную дату запрашалі ў вёску прадпрымальніка, які прыязджаў з перасоўным млынам і выконваў за плату пададзеныя заяўкі. З цягам часу ў Ганчароўскім сельсавеце становіцца ўсё менш прыватных гаспадарак і млынавыя паслугі перасталі быць запатрабаванымі. Магчыма, усё зменіцца ў лепшы бок, калі ў Ганчарах будзе рэалізавацца праект “Доўгая карова” (у фермерскай гаспадарцы “ЛагуЦін”).
ААТ “Жарабковічы” і “Шлях новы” млыны па-ранейшаму маюць, але выкарыстоўваюць іх толькі для патрэб уласных гаспадарак. Як адзначылі ў “Жарабковічах”, для насельніцтва ёсць млын па суседстве ў Клецкім раёне. Аказваецца не толькі там. У ДП “Нача” таксама працуе: і для гаспадаркі, і для насельніцтва. Праўда, жадаючых скарыстацца такой паслугай няшмат. У СВК “Ляхавіцкі” ў якасці корму для ўтрымання свойскай жывёлы на асабістых падвор’ях выдаюць муку, таму неабходнасці няма.
А вось у “Востраве-Агра” па чацвяргах на зернетаку млын працуе. Каб перамалоць 100 кілаграмаў зерня, неабходна заплаціць 2 рублі 50 капеек. Такую паслугу могуць аказаць любому жадаючаму.
Галіна КАНЬКО.