Добры доктар педыятр
Яшчэ ўчора Сафійка была здаровенькая, вясёлая, ноччу добра спала. А сёння з раніцы – неспакойная, плача, тэмпература паднялася, – хвалюецца мама васьмімесячнай дзяўчынкі.
Вопытны ўчастковы ўрач-педыятр Алена Саланенка ўважліва аглядае малышку і супакойвае жанчыну:
– Не хвалюйцеся. Гэта першыя зубкі прарэзваюцца. Так бывае.
Алена Саланенка, як і яе калегі Святлана Ціпко, Генадзій Сокал, чатыры дзесяцігоддзі ў педыятрыі. Лечаць ужо дзяцей і нават унукаў сваіх першых пацыентаў. Іх вопыт пераймае маладая калега, актывістка грамадскага жыцця райбальніцы Вольга Грыцкевіч.
– У сярэднім за дзень у дзіцячай кансультацыі на лячэбным і прафілактычным прыёме бывае каля сотні хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад нараджэння да 18 гадоў. І да кожнага імкнёмся знайсці індывідуальны падыход, каб нават самыя маленькія пацыенты не баяліся белага халата, – расказвае галоўны педыятр раёна Інэса Драздовіч. Інэса Канстанцінаўна не нарадуецца на выдатныя ўмовы, створаныя ў дзіцячай кансультацыі пасля капрамонту паліклінікі:
– У нас цяпер цэлае крыло са сваёй рэгістратурай, у кожнага ўрача – уласны кабінет. На прышчэпку, для прафілактычнага агляду – адны памяшканні, для хворых дзяцей – другія. Камфортна. А колькі новых даследаванняў можна правесці ў райбальніцы. Яшчэ некалькі гадоў назад для УЗІ сэрца, галаўнога мозга накіроўвалі пацыентаў у Баранавічы, Брэст. Цяпер гэта робяць на добрым абсталяванні не менш прафесіянальныя ляхавіцкія ўрачы.
Педыятры выязджаюць па выкліках да хворых на дом, кансультуюць вясковых медыкаў. Іх памочнікі – медыцынскія сёстры, якіх у дзіцячай кансультацыі працуе сямёра. Сярод іх вопытныя Вольга Шытава і Наталля Аляшкевіч.
– Калі б зноў стала пытанне, якую ўрачэбную спецыялізацыю выбраць, іншых варыянтаў, чым педыятрыя, адназначна не было б, – сцвярджае педыятр з 22-гадовым стажам Інэса Драздовіч.
Педыятрычным аддзяленнем райбальніцы загадвае Марына Вармахоўская. Нашы землякі давяраюць ёй і яе калегам самае дарагое – здароўе сваіх сыночкаў і дачушак. Ці трэба гаварыць, што, акрамя прафесіяналізму, яны аддаюць дзецям часцінку сваёй душы, цеплыню і чуласць.
– У нашым аддзяленні пануюць сардэчнасць і спагада, шчырае жаданне дапамагчы, – гаворыць Марына Антонаўна.
З павагай яна расказвае пра медыцынскіх сясцёр Ларысу Чараднічэнка, Люцыну Ходар, Наталлю Сяргей, Алену Савасцьянік, старшую медсястру Святлану Татарыновіч. Добра спраўляецца са сваімі абавязкамі малодшы медыцынскі персанал: Людміла Курловіч, Наталля Люкіш, Святлана Шклянік, Ніна Собаль, сястра-гаспадыня Ірына Дудук, раздатчыца Вера Дарэўская.
У рабоце для ўсіх нас самае галоўнае – здароўе маленькіх пацыентаў. І як ні ўсміхнуцца на пачутае ад трохгадовага Кірыла:
– Калі вырасту, буду доктарам, як цёця Марына.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.