Лепш быць здаровым і шчаслівым
Вучоба для каляджан, без сумненняў, галоўная справа. Але акрамя лекцый, практычных і лабараторных заняткаў, канферэнцый і семінараў у ЛДАКу бурліць грамадскае, культурнае і спартыўнае жыццё. Дарэчы, пра жыццё, сваё месца ў ім, яго каштоўнасць каляджане разважаюць шчыра і цікава.
Як расказаў намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ЛДАКа Мікалай Дабрыянец, зусім нядаўна тут прайшла акцыя «Азірніся: гэтага магло б не здарыцца», якая стала адным з мерапрыемстваў прафілактыкі самазабойстваў — гэтай, на жаль, актуальнай для сучаснай моладзі тэмы. Навучэнцы і педагогі падрыхтавалі буклеты, лістоўкі, плакаты, у якіх прапагандавалі здаровы лад жыцця, імкненне выбрацца з кола праблем і стаць карысным сабе і іншым. За «круглым сталом» абмяркоўваліся погляды юнакоў і дзяўчат на жыццё, месца ў грамадстве, ішла размова пра неабходнасць узаемападтрымкі і ўзаемадапамогі ў асяроддзі маладых, а таксама высвятляліся прычыны, якія штурхаюць людзей на самазабойства, як знайсці выхад са складаных псіхалагічных сітуацый. Сацыяльна-псіхалагічная служба ЛДАКа падрыхтавала спецыяльныя трэнінгі. Цікавую інфармацыю для роздуму пра сэнс існавання чалавека далі бібліятэкары. Кульмінацыяй акцыі стала сустрэча з настаяцелем Святадухаўскай Падлескай царквы айцом Максімам.
Не паспела фінішаваць адна акцыя, як на змену ёй прыйшла наступная. З 10 кастрычніка па 1 снежня падчас сусветнай кампаніі супраць смяротнай хваробы ў ЛДАКу праходзіць інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Чырвоная лінія. Спынім СНІД разам». Гэта яшчэ адна нагода сказаць пра тое, што СНІД па-ранейшаму застаецца галоўным «забойцам», асабліва маладых людзей. Звярнуць увагу юнакоў і дзяўчат на праблемы ВІЧ, СНІДу і наркаманіі, павысіць узровень інфармаванасці, даць магчымасць задумацца пра тое, што гэта страшная і пакуль яшчэ невылечная хвароба не мае межаў, выбірае ахвяр не па сацыяльнай прыналежнасці і ўзросце, а яе ахвярай можа стаць кожны — асноўныя мэты акцыі.
Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі — не толькі медыцынская праблема, яна датычыцца ўсіх бакоў жыцця грамадства : эканамічных, сацыяльных і палітычных. Менавіта пра гэта ідзе размова падчас сустрэч з ўрачамі, супрацоўнікамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Завершыцца акцыя праграмай «Я павінен ведаць пра СНІД» і тэматычнай дыскатэкай.