Здароўе пад мікраскопам
У клініка-дыягнастычнай лабараторыі цэнтральнай раённай бальніцы за месяц робяць да 60000 аналізаў. Сёлета за 5 месяцаў – 307595 агульнаклінічных, гематалагічных, біяхімічных і імуналагічных – для пацыентаў паліклінікі, стацыянара, прыёмнага пакою, падчас выязных медаглядаў.
28 гадоў на чале гэтага надзвычай важнага падраздзялення Галіна Сушко – у сваёй справе ёй няма роўных. З хіміяй яны на ты яшчэ са школьных гадоў, а вучоба ў БДУ і любімая работа адшліфавалі веды і ўменні ўрача-лабаранта да ўзроўню высакакласнага прафесіянала. Яе надзейная каманда – 20 кваліфікаваных і кампетэнтных спецыялістаў, многія з якіх працуюць не адно дзесяцігоддзе. Для пацыентаў умеюць знайсці добрае, шчырае слова. Нельга ўявіць гэты калектыў і без урача лабараторнай дыягностыкі Таццяны Свінабурка. Старшы фельчар-лабарант Валянціна Абражэвіч у медыцыне 38 гадоў. Яны і іншыя шчодра дзеляцца вопытам з маладымі спецыялістамі. Сяргей Бруцкі хоць працуе першы год, Алеся Занько крыху больш – трэці, але ўвагу і падтрымку калектыву адчуваюць пастаянна. Яны і Людміла Свістун, Галіна Булдыга – фельчары-лабаранты палаты інтэнсіўнай тэрапіі. Гэта так званая кругласутачная мабільная дапамога.
– У распараджэнні спецыялістаў нашай лабараторыі самае сучаснае абсталяванне, маюцца біяхімічны, гематалагічны аналізатары, гемакомп і іншыя навінкі, што дазваляе абследаваць хворых у дзень звароту, – расказвае Галіна Сушко. – Нядаўна набыты прыбор для вызначэння анкалогіі прастаты і захворванняў шчытападобнай залозы, – адзначае загадчыца.
За кошт укаранення новых методык пашыраецца спектр даследаванняў. На новым абсталяванні экспрэс-тэсты дазваляюць вызначыць на самай ранняй стадыі ўзнікненне інфаркту міякарда, сярэдні ўзровень глюкозы за апошнія 3 месяцы і інш.
Праца на сучаснай апаратуры патрабуе адпаведных ведаў і навыкаў. Таму работнікі лабараторыі пастаянна вучацца, удасканальваюць сваё майстэрства, удзельнічаюць у семінарах рознага ўзроўню, абменьваюцца вопытам.
– У наша жыццё прыходзіць радасць, калі ў нас ёсць любімы занятак, калі нас любяць і калі ёсць на што спадзявацца, – дзеліцца сакрэтамі жыццёвай падтрымкі Галіна Уладзіміраўна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.