На паэтычнай хвалі

Закахайцеся!
Закаханыя, закахайцеся
Вы ў яго ці яе аднойчы.
А яшчэ я прашу, закахайцеся
У светлы дзень,
таямнічасць ночы,
У месяц, воблакі, дрэвы, пожні,
У духмяныя кветкі, травы.
Закаханым хай стане кожны,
Каб убачыць жыцця праявы,
Дзе ўстае маладое ранне
І ўспыхваюць бліскавіцы,
Кветка ружы дзе пры спатканні
Ад сцюдзёнай расы іскрыцца.
І каханне стане бясконцым,
Выйдзе, нібы рака з берагоў,
Каб дастаць проста з неба сонца,
Да астатку аддаць любоў.
Маладыя і апантаныя,
Гэта час ваш і адкрыццё.
Закахайцеся, закаханыя,
У цуда цудаў сусвету –
Жыццё!
* * *
Халодным пачалося лета.
Чаму ж перамяніўся час?
Нібыта сонцам усё сагрэта,
Але яно не грэе нас.
Узнімаецца аднекуль вецер,
Не радуе яго напеў.
І сумнае шапоча вецце
Ў халодных сумных кронах дрэў.
Тужліва паглядаюць кветкі,
Цяпла ім холад не прынёс.
А ў агароды і палеткі
Яшчэ заглядвае мароз.
Ах, холад, ты для ўсіх – забойца,
Ну, адыдзі ты, адыдзі!
Мы ўжо адсвяткавалі Тройцу,
Цяпло сапраўднае пусці!
Мы ўжо ўбраліся ў строі,
Прыдатныя для летніх дзён.
Адсвяткавалі ўсё ж з настроем
І Тройцы аддалі паклон.
І ўсё роўна, усё роўна
Зрабілі, як раней было:
Галінкамі зялёных клёнаў
Аздобілі сваё жытло.
Усталявалі і бярозкі
Мы каля весніц, каля брам,
Ператварыць каб усе вёскі
ў адзін прыгожы летні храм.
А ў хату як адчыніш дзверы,
Дык ап’янееш ты зусім:
Скрозь пахне летам і аерам,
Надыхацца няможна ім.
Нашы сястрычкі, унучкі, дочкі
На свята лета так прыйшлі:
Кветкі прыгожыя ў вяночках
На іх галоўках расцвілі!
А ты, неспадзяваны холад,
Не затрымайся ў нас ні дня.
І ў вёску кожную, і ў горад
Нарэшце прыйдзе цеплыня!
Пачакай…
Мяне мая зорка кліча
Даўно да сябе на неба,
Гады мае, пэўна, лічыць,
А мне да яе не трэба!
Яшчэ на зямельцы мілай
Так многа спраў засталося.
Усіх іх я не зрабіла,
Яшчэ не прыйшла мая восень.
Маё не апала лісце,
Іграе сонца на кронах,
Такіх яшчэ лапушыстых,
Такіх усё яшчэ зялёных.
А колькі планаў, задумак
У маёй галаве віруе.
Святло паэтычных думак
Душу азарае, хвалюе.
Завею прайшла снегавую,
Спяшаю насустрач вясне.
Таму прашу зорку тую:
Не кліч, пачакай мяне…
Вера ДЫДЫШКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *