Медыцынская выразнасць. Медыкі Ляхавіцкага раёна адзначылі прафесійнае свята /фота/
У мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры медыкі раёна прымалі віншаванні з прафесійным святам. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч падзякаваў ім за адданасць прафесіі, уручыў прывітальны адрас галоўнаму ўрачу райбальніцы Георгію Хлябовічу, граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета дэпутатаў спецыялістам цэнтральнай раённай бальніцы.
Шмат цёплых і добрых слоў пра калег сказаў Георгій Хлябовіч. Дарэчы, сёлета ляхавіцкія медыкі ў складзе абласной дэлегацыі пабывалі на ўрачыстасцях з нагоды свайго свята ў Палацы Рэспублікі. Удала дэбютавалі на абласным турыстычным злёце, вызначаюцца ў спартыўных спаборніцтвах. А правільны адпачынак спрыяе поспехам у працы. Шмат прафесійных здабыткаў, добрых перамен на карысць справы. Званне лепшага ўрача ў раёне па выніках мінулага года заслужыла педыятр Інэса Драздовіч.
Далучылася, як і заўсёды, да віншаванняў і медыцынская прафсаюзная пярвічка. А калі старшыня прафкама Васілій Гарбачоў заспяваў са сцэны, калегі апладыравалі стоячы!
У мінулым годзе ўстановы медыцыны раёна папоўніліся больш чым дваццаццю маладымі спецыялістамі. Яны штодзень імкнуцца праявіць сябе сапраўднымі прафесіяналамі. Наказы і сувеніры маладым калегам уручыла ад вялікай медыцынскай сям’і намеснік галоўнага ўрача Ірына Волкава, а яны, у сваю чаргу, дзякавалі за падтрымку, увагу і клопат.
Словы прызнання, павагі, захаплення гучалі ў адрас ветэранаў медыцыны, хто аддаў сістэме аховы здароўя нашага раёна дзесяцігоддзі, хто не глядзеў ніколі на гадзіннік, калі была патрэбна іх дапамога. Многія і сёння ў страі.
На ўрачыстым сходзе вызначаны і пераможцы конкурсу на лепшую кветкавую кампазіцыю. “Міласэрнасць” педыятрычнага аддзялення заваявала першае месца, “Яхта надзеі” хірургічнага – другое. Замкнула тройку лідараў кампазіцыя Крывошынскай участковай бальніцы з цудоўнымі пажаданнямі «хранічнага здароўя, гіпертанічнай зарплаты і прагрэсуючага шчасця».
Ліліся песні, гучалі сардэчныя пажаданні, у зале панавала атмасфера ўрачыстасці і свята, якую стваралі самадзейныя артысты раёна. Няхай прыемныя эмоцыі суправаджаюць нашых медыкаў і ў напружаныя будні, і ў звычайныя выхадныя дні.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.