Лета спартыўнае

Іменна ў спартыўнай хадзьбе была прадстаўлена ў Бабруйску Ляхавіччына. Выхаванка ДЮСШ Алеся Давыдава, відавочна, вельмі шчырая ў сваіх адносінах да спорту. Дастаткова паглядзець аднойчы на яе настойлівую і натхнёную працу на трэніроўцы, каб дазволіць сабе такое сцвярджэнне. Эмацыянальная ў перажываннях: і падчас рэдкіх паражэнняў, і пасля медальных фінішаў.
Аднак жа, пра бабруйскую падзею, дзе Алеся выступала ў складзе каманды школьнікаў Брэсцкай вобласці. Ляхавічанка стартавала двойчы і кожны раз прыходзіла на фініш другой. Так было і на дыстанцыі 2000 метраў у спартыўнай хадзьбе, і пасля, калі дзяўчаты-скараходы спаборнічалі на 3-кіламетровым адрэзку.
Дзякуючы намаганням, у тым ліку і Алесі Давыдавай, лёгкаатлеты-школьнікі нашай вобласці сталі лепшай спартакіяднай камандай. Другі камандны прыз дастаўся магіляўчанам, трэці – адправіўся на Гомельшчыну.
А ўжо сёння таленавітая зямлячка возьме старт на стадыёне “Брэсцкі” –пазмагаецца за права прыняць удзел у Балтыйскіх гульнях, якія на гэты раз адбудуцца там жа – на “Брэсцкім”.
Іван КАВАЛЕНКА.