Марыць не шкодна. Шкодна не марыць /фота new/
Кожнай з удзельніц: урачам Вользе Сямашка і Лізавеце Цалей, ветурачу Ірыне Швайко, сакратару СВК Марыне Зубік , інжынеру Алене Клетаніца, педагогу-псіхолагу Вікторыі Жыхаравай неабходна было прайсці 6 этапаў конкурсу. Першы – тэарэтычны – патрабаваў добрага ведання правілаў дарожнага руху. Падчас наступных удзельніцы прэзентавалі свае аўтамабілі (трэба сказаць, падышлі да гэтага крэатыўна), самі спрабавалі выправіць няспраўнасць ці замяніць кола і інш. А яшчэ кожная прадставіла новы дарожны знак і касцюм для свайго чатырохколавага сябра. У гэтым конкурсе без групы падтрымкі не абышлося.
“Аўталэдзі-2017” прызнана Ірына Швайко, вадзіцельскі стаж якой усяго 2 гады. Конкурс спадабаўся. Балельшчыкаў і проста гледачоў было шмат.
А праз некалькі гадзін свята і яго галоўныя героі перамясціліся ў гарадскі парк культуры і адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча. Тут таксама было шматлюдна. З прывітальным словам да юнакоў і дзяўчат звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень. Яна ўручыла падзячнае пісьмо райсавета дэпутатаў сакратару СВК «Ляхавіцкі» Марыне Зубік. Падзяка старшыні райсавета дэпутатаў адрасавана псіхолагу ТЦСАН Ганне Клімовіч. Самым творчым, актыўным, мэтанакіраваным прадстаўнікам розных прафесій былі ўручаны граматы, падарункі. Сярод іх і работнікі перапрацоўчай прамысловасці, і аграрнага комплексу, педагогі і выратавальнікі, камунальнікі і вадзіцелі. Гучалі прозвішчы маладых людзей, якія шчыруюць у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, дасягаюць поспехаў у вучобе, праяўляюць шматлікія творчыя таленты, паказваюць высокія спартыўныя вынікі.
А потым была канцэртная праграма “Моладзь руліць”. Працавала спартыўная пляцоўка, праводзілася акцыя “Драйв без шкодных звычак”, а фестываль фарбаў аб’яднаў разам тых, хто любіць маляваць. Усе жадаючыя змаглі прыняць удзел у гульнях, конкурсах, атракцыёнах. А фінальным акордам маладзёжнага дня стала дыскатэка.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.