Арандаваць зямлю, пабудаваць свой дом
Звычайная справа – людзі будуюць свае дамы, кааператыўныя кватэры, хтосьці жыллё рамантуе і рэканструюе, камусьці даводзіцца афармляць спадчыну. Пры гэтым узнікаюць шматлікія пытанні. Напрыклад, як аформіць праваўстаноўчыя дакументы на зямельны ўчастак? Якія дакументы спа-трэбяцца, каб перадаць жыллё ў спадчыну? Ці магчымы адступленні ад асноўнага праекта пры будаўніцтве ўласнага дома?
Шмат званкоў-пытанняў па тэме паступіла на чарговую “прамую лінію “ЛВ”. На іх адказвалі начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Святлана МАХНАЧ, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Людміла БУХАНАВА, рэгістратар Ляхавіцкага бюро Баранавіцкага філіяла РУП “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” Аляксандр САВІЦКІ, загадчыца дзяржаўнай натарыяльнай канторы раёна Іна ШАБАЦЬКО.
— Збіраюся аформіць зямельны ўчастак і пабудову ў садаводчым таварыстве “Дружба”. З чаго пачаць?
Вольга Юркевіч, г. Ляхавічы.
Святлана Махнач: – Для афармлення праваўстаноўчых дакументаў на зямельны ўчастак у садаводчым таварыстве вам неабходна звярнуцца ў райвыканкам з адпаведнай заявай. Да яе прыкласці схематычны план зямельнага ўчастка, узгоднены з сумежнымі землекарыстальнікамі і старшынёй садаводчага таварыства. Выдаецца ён у землеўпарадкавальнай службе райвыканкама. А землеўпарадкавальная справа па ўстаноўцы межаў зямельнага ўчастка ў садаводчым таварыстве выконваецца УП “ПІ Брэстгіпразем” на падставе дагавора падраду за сродкі заяўніка.
Аляксандр Савіцкі: – Для рэгістрацыі садовага доміка ў садаводчым таварыстве неабходны наступныя дакументы: тэхнічны пашпарт (заказаць яго можна ў БТІ); даведка садаводчага таварыства аб адпаведнасці размяшчэння садовага доміка праекту арганізацыі і забудовы, выда-дзеная старшынёй таварыства. За выраб тэхпашпарта на садовы домік плошчай да 50 квадратных метраў трэба будзе заплаціць 176 тысяч 90 рублёў, рэгістрацыя каштуе 21 тысячу рублёў.
— Якія дакументы патрэбны для пачатку будаўніцтва ўласнага дома ў г. Ляхавічы? Ці можна ўзяць пазыку, на якіх умовах? Колькі патрэбна чакаць, каб атрымаць зямельны ўчастак пад будаўніцтва?
Галіна Лешык. г. Ляхавічы.
Людміла Буханава: – Асноўная ўмова для бясплатнага выдзялення зямельнага ўчастка для будаўніцтва ўласнага дома – каб грамадзянін стаяў на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Атрымаць інфармацыю аб свабодных зямельных участках і месцах іх размяшчэння можна на старонцы землеўпарадкавальнай службы Ляхавіцкага райвыканкама афіцыйнага сайта Брэсцкага аблвыканкама або ў райвыканкаме (тэл. 2-18-08, 2-23-37). Пасля падачы заявы ў райвыканкам, афармлення праваўстаноўчых дакументаў на зямельны ўчастак трэба звярнуцца ў службу “адно акно” райвыканкама з заявай на атрыманне дазволу на будаўніцтва жылога дома з наступнай падрыхтоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі. Кансультацыю аб умовах ільготнага крэдытавання на будаўніцтва жылога дома можна атрымаць у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама (тэл. 2-16-37).
— Ці трэба афармляць праваўстаноўчыя дакументы на зямлю ў вёсцы? Дом у маёй уласнасці з 1999 года, пастаянна ў ім пражываю.
Я. Бортнік. в. Новыя Буды.
— У вёсцы Зарытава пры доме зямельны ўчастак. Як аформіць на яго дакументы і ці патрэбна гэта рабіць? Ці будзе наяўнасць дакументаў уплываць на падатак на зямлю?
Г. Барташэвіч.
Святлана Махнач: – Грамадзянін, які пражывае ў вёсцы і не мае, але зацікаў-лены ў атрыманні дакумента, які пацвярджае права на зямельны ўчастак, што выкарыстоўваецца ім для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, можа звярнуцца ў сельвыканкам з заявай аб выдачы такога дакумента. Але ёсць адна ўмова: даныя аб гэтым участку павінны значыцца ў пагаспадарчай кнізе сельвыканкама да 1 студзеня 1999 года. Па даручэнні сельвыканкама землеўпарадкавальная служба райвыканкама падрыхтуе схематычны план межаў зямельнага ўчастка і праект рашэння аб прадастаўленні грамадзяніну зямельнага ўчастка. У такім выпадку дакументы будуць аформлены бясплатна.
На падставе вышэйпералічаных матэрыялаў арганізацыя па дзяржаўнай рэгістрацыі (Ляхавіцкае бюро Баранавіцкага філіяла РУП “Брэстдзяржрэгістр”) праводзіць дзяржаўную рэгістрацыю стварэння зямельнага ўчастка, узнікнення права на яго і выдае праваўстаноўчыя дакументы на зямельны ўчастак (за сродкі заяўніка).
У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам наяўнасць праваўстаноўчых дакументаў на зямельны ўчастак або іх адсутнасць не ўплывае на размер падатку на зямлю.
— Прыватызавала кватэру ў двухкватэрным жылым доме ў в. Ганчары, у 2000 годзе зрабіла тэхпашпарт, ёсць прысядзібны ўчастак 5 сотак. Як аформіць дакументы на ўчастак? Ці ёсць ільготы для пенсіянераў?
Жыхарка в. Ганчары.
Святлана Махнач: – Пры наяўнасці даных (выпісак, выдадзеных Ляхавіцкім бюро Баранавіцкага філіяла РУП “Брэст-дзяржрэгістр”) аб тым, што кватэра зарэгістравана ў блакіраваным жылым доме, дакументы могуць быць аформлены на асобны зямельны ўчастак для абслугоўвання вашай кватэры. Калі такіх даных няма, то дакумент афармляецца сумесна з саўладальнікамі дома або на долю ў праве на ўчастак. Пры гэтым, межы паміж участкамі саўладальнікаў на мясцовасці не ўстанаўліваюцца і ў дакументах не паказваюцца. З заявай аб выдачы дакумента на зямельны ўчастак трэба звяртацца ў сельвыканкам па месцы знаходжання гэтага ўчастка.
Пры афармленні праваўстаноўчага дакумента на зямельны ўчастак ільгот для пенсіянераў няма.
— Купляю кватэру побач з той, якая ўжо з’яўляецца маёй уласнасцю. Ці можна аб’яднаць іх у адну?
Жыхарка г. Ляхавічы.
Людміла Буханава: – Для аб’яднання дзвюх сумежных кватэр у жылым доме патрэбна звярнуцца ў райвыканкам за атрыманнем дазволу на перапланіроўку і зрабіць праектна-каштарысную дакументацыю.
— Як аформіць права ўласнасці на гараж, які быў пабудаваны ў 1991 годзе?
Тадэвуш Філіповіч, г. Ляхавічы.
Людміла Буханава: – У сувязі з тым, што на гараж адсутнічае дазвольная і праектная дакументацыя, не выдзяляўся ва ўстаноўленым парадку зямельны ўчастак, у адпаведнасці з арт. 223 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пабудова з’яўляецца самавольнай. У выпадку, калі суд прызнае права ўласнасці на самавольную пабудову, з’явіцца падстава для прыняцця мясцовым выканаўчым і распарадчым органам рашэння аб прыёмцы яе ў эксплуатацыю і дзяржаўнай рэгістрацыі ва ўстаноўленым парадку. Таксама патрэбна будзе аформіць дакументы на прадастаўленне зямельнага ўчастка ў парадку, які прадугледжвае заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове і выкарыстанні зямель.
— Як прыняць у спадчыну бабулін дом на хутары ў вёсцы Пад’язаўле, калі бабуля памерла 3 гады назад?
Жыхар г. Баранавічы.
— Я пражываю ў Ляхавічах, а бацькоўскі дом знаходзіцца ў Клецкім раёне. Нас трое дзяцей. Прайшло паўгода пасля смерці маці, і мы не ведаем, з чаго пачаць афармленне спадчыны.
Ядвіга Карнеенка.
Іна Шабацько: – Афармленне спадчыны пачынаецца з падачы заявы ў натарыяльную кантору па апошнім месцы жыхарства памёршых. Гэта значыць, што калі ваша маці на дзень смерці была зарэгістравана па месцы жыхарства ў Клецкім раёне, то і заяву неабходна падаваць у дзяржаўную натарыяльную кантору Клецкага раёна. Спадчына можа быць прынята на працягу 6 месяцаў з дня адкрыцця. Пры звароце ў натарыяльную кантору для падачы заявы, вам неабходна пры сабе мець пашпарт. Калі жадаеце, можаце самастойна прадаставіць пасведчанне аб смерці маці, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць факт сваяцкіх адносін (пасведчанне аб нараджэнні, аб заключэнні шлюбу). У выпадку неабходнасці, гэтыя даныя могуць запатрабавацца натарыусам па прынцыпу “адно акно”.
У выпадку, калі тэрмін для прыняцця спадчыны прайшоў, неабходна будзе па-цвердзіць фактычнае прыняцце вамі спадчыны на працягу 6 месяцаў. У адпаведнасці з арт. 1070 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прызнаецца, калі не даказана іншае, што нашчадак прыняў спадчыну, калі ён фактычна ўступіў ва ўладанне або кіраванне спадчыннай маёмасцю. У прыватнасці, калі нашчадак:
— прыняў меры да захавання маёмасці, абараняў яе ад замахаў і прэтэнзій трэціх асоб;
— за свой кошт утрымліваў маёмасць;— заплаціў даўгі спадчынадаўца або атрымаў ад трэціх асоб суму, якая яму належала.
Калі ж ні адзін з гэтых пунктаў вы не можаце пацвердзіць дакументальна, то вам давядзецца ўстанаўліваць прапушчаны тэрмін для прыняцця спадчыны ў судовым парадку.
На “прамой лініі” працавала
Аліна ЛАПІЧ