На здароўе! У Ляхавіцкай паліклініцы пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй пачаў працаваць рэнтгенафлюараграфічны кабінет

Загадчык аддзялення рэнтгенаўскай дыягностыкі Сяргей Памазанскі, лабаранты Наталля Ракашэвіч, Лілія Палхоўская.
Чарговы падарунак медыцынскага прызначэння атрымалі жыхары Ляхавіччыны. З 19 чэрвеня ў паліклініцы пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй пачаў працаваць рэнтгенафлюараграфічны кабінет. Перамены ў ім значныя: зроблена поўная рэканструкцыя памяшкання, у бліжэйшы час паступіць новая мэбля, а самае галоўнае – устаноўлены сучасны апарат айчыннай вытворчасці “Пульмаскан”. Загадчык аддзялення рэнтгенаўскай дыягностыкі Сяргей Памазанскі пералічвае перавагі абноўкі, якая закранае здаровыя інтарэсы медыкаў і насельніцтва нашага раёна:
– “Пульмаскан” з навейшага пакалення лічбавых флюарографаў прызначаны для правядзення прафілактычных і дыягнастычных абследаванняў органаў грудной клеткі. Высокая якасць фотаздымкаў дазволіць выяўляць паталогію на ранняй стадыі. Значэнне мае і нізкая прамянёвая нагрузка на пацыента і медперсанал. Здымкі адпраўляюцца на рабочы камп’ютар урача, рабочае месца якога абсталявана ў суседнім кабінеце. Вынікі абследавання будуць захоўвацца ў базе даных, а пры неабходнасці пацыент можа іх запісаць на дыск.
Каштуе “Пульмаскан” 117 тысяч 500 рублёў і сродкі на яго набыццё былі выдзелены з рэспубліканскага бюджэту.
Будаўніцтва ўсяго аб’екта абышлося раённаму бюджэ-ту ў суму амаль 75 тысяч рублёў. З’яўленне “Пульмаскана” дазволіць разгрузіць “Уніскан”, які “прапісаны” ў рэнтгенакабінеце. За год прафі-лактычныя і дыягнастычныя абследаванні праходзяць ад 18 да 20 тысяч нашых землякоў, за дзень – да 90 чалавек. Дарэчы, кабінет будзе працаваць у дзве змены з 8 да 18 гадзін, у суботу – да 14.00.
Ляхавічане пакуль адзіныя ў вобласці, хто можа абследавацца на такой апаратуры. Урачы Сяргей Памазанскі і Канстанцін Дзядзюля асвоілі новую камп’ютарную праграму і з веданнем справы “чытаюць” флюараграфічныя здымкі. Гатовы да працы і рэнтген-лабаранты Лілія Палхоўская і Наталля Ракашэвіч, якія ў медыцыне таксама не навічкі.
Хто яшчэ не прайшоў флюараграфію? Калі ласка, на абследаванне!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Навіны пра медыцынскія абноўкі чытаю з цікавасцю — яны дзеля нас, дзеля нашага здароўя. Падабаецца прастора і ўтульнасць, створаная ў паліклініцы. Засмучае, праўда, што не заўсёды ў свабодным доступе талончык да ўрача.