Кампазіцыі кампазітнай

Аляксей Клявец рыхтуе да адпраўкі чарговую партыю тавару.

Лепшы раён для бізнесу Беларусі-2016” – такога звання Ляхавіцкі раён удастоены  як пераможца рэспубліканскага конкурсу  сярод гарадоў ці раёнаў з  колькасцю насельніцтва менш за 50 тысяч чалавек. І гэта не адзіная  леташняя перамога з ляхавіцкім адрасам у сферы  бізнесу і прадпрымальніцтва.

Таварыства з абмежаванай адказнасцю  “Кампазітная кампанія” заснавалі  Аляксей Клявец (цяперашні дырэктар), Віктар Яфімік і Юрый Піваш, якія  вырашылі заняцца вытворчасцю вырабаў з палімерных матэрыялаў, што выпускаюцца ліццём пад ціскам.  І не прагадалі з гэтым імпартазамяшчальным  праектам.  Па выніках мінулага года  ў нацыянальным конкурсе “Прадпрымальнік года”  пераможцам у намінацыі “Паспяховы старт” стала менавіта “Кампазітная кампанія” з Ляхавіч.
Мэблевая фурнітура, крапежныя дэталі, поліэтыленавыя накрыўкі, тэхнічныя камплектуючыя для радыятараў – не адзін дзясятак найменняў прадукцыі выпускае  таварыства. Пачынаючы з мінулага года сваю “кампазітную” прадукцыю пастаўляюць не толькі па беларускіх адрасах, але і па расійскіх.
– Будзем асвойваць  новыя рынкі збыту,  рэалізоўваць новыя вытворчасці.  У развіццё ўкладваем уласныя сродкі, карыстаемся і  крэдытамі, – расказвае  Аляксей Клявец.  Пакуль у “Кампазітнай кампаніі” працуе  11 чалавек, але з пашырэннем вытворчасці будуць створаны новыя рабочыя месцы.
На Ляхавіччыне  дзейнічае 135  прадпрыемстваў  прыватнай формы ўласнасці, дзе працуе  15 працэнтаў занятага ў эканоміцы раёна насельніцтва. У мінулым годзе створана 6  новых прадпрыемстваў малога бізнесу, а гэта  больш за 150 дадатковых рабочых месцаў.  І ўжо сёлета ў палку  прадпрымальніцтва  папаўненне: пачалі працаваць яшчэ   2  прадпрыемствы.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *