Кансервавыя апетыты

Фота з архіва "ЛВ"

З сезоннага кругавароту цяжка выдзяліць перыяд, калі  на Ляхавіцкім   кансервавым  заводзе было б  зацішша. Вясна-лета, восень-зіма – вытворчы цыкл робіць новы віток. Стартавалі са шчаўя, працягваюць “адносіны”   з агуркамі. Толькі з градкі, яшчэ з кветачкамі, іх  вязуць з агурковай сталіцы – столінскіх Альшан.

– На пяці фурах даставілі 100 тон агуркоў, якія марынуем па ўласна распрацаваных прадпрыемствам рэцэптах: “купалаўскія”, “сталічныя”, “па-дамашняму”. А “ляхавіцкія апетытныя” – без перцу і пякучых інгрэдыентаў – кансервуем  спецыяльна  для харчавання дзяцей  у навучальных установах, –
дзеліцца навінамі дырэктар завода Сафія Болтуць.
Дружна цвітуць кабачкі. Яны, хоць і не канкурэнты агуркам, але ікра з іх карыстаецца ў спажыўцоў папулярнасцю.   Завадчане стараюцца рэагаваць на любыя запыты рынку. Лета – сезон шашлыкоў, і наш кансервавы актыўна задавальняе патрэбы спажыўцоў у смачных соусах.
Каб хутка дастаўляць прадукцыю па адрасах, нядаўна папоўнілі свой транспартны парк – набылі ў лізінг новы ГАЗ. У перспектыве далейшае абнаўленне.
А хутка дырэктар прадпрыемства  прыме ўдзел  у  галіновым рэспубліканскім семінары ў Бабруйску, на якім будуць агучаны вынікі конкурсу “Крыштальны яблык”. Інтрыга пакуль захоўваецца, але ёсць верагоднасць, што соус “Ляхавіцкі духмяны” ці сок апельсінавы для харчавання дашкольнікаў  будуць сярод фаварытаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *