Пра парадак
Апошняя апаратная нарада ў старшыні райвыканкама прайшла з удзелам кіраўнікоў і галоўных інжынераў сельгасарганізацый, спецыялістаў райсельгасхарчу і насіла выязны характар.
У цэнтры ўвагі мерапрыемства стаялі пытанні навядзення і падтрымання парадку на аб’ектах сельскагаспадарчых прадпрыемстваў: зернесушыльных комплексах, жывёлагадоўчых фермах, машынна-трактарных парках.
Як адзначыў намеснік начальніка райсельгасхарчу па механізацыі Анатолій Касцюкоў, да 20 верасня спецыялістамі службы былі абследаваны МТП усіх гаспадарак раёна. Амаль у кожнай з іх мелі месца недахопы, што датычылі нядобраўпарадкаванасці тэрыторыі, неадпаведнасці патрабаванням стандарту асобных пастоў і пляцовак МТП, адзначаліся выпадкі несвоечасовай пастаноўкі тэхнікі на захоўванне і іншае. За больш як месяц часу пазітыўны зрух адбыўся, аднак, далёка не ўсюды і не па кожнай з пазіцый. Пацвярджэннем таму сталі, у прыватнасці, прадэманстраваныя ўдзельнікам нарады фотаздымкі. Аўтарства належыць створанай па даручэнні старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара камісіі ў складзе спецыялістаў шэрагу аблструктур, а зроблены яны былі 31 кастрычніка – 1 лістапада. Па словах Анатолія Касцюкова, у многім здымкі “пераклікаюцца” з тым, што бачылі члены падобнай раённай камісіі 20 верасня. Вывад: і праз 40 дзён часу “воз” упарадкаванасці па многіх пазіцыях застаўся на месцы.
У аб’ектыў аблкамісіі трапілі, у прыватнасці, факты нядобраўпарадкаванасці жывёлагадоўчых фермаў, прыфермскіх тэрыторый і машынных двароў ДП “Нача”, СВК “Жарабковічы”, “Дарава”, “Канюхі”, “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, “Ліпнянка”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, ЗАТ “Белпрампрыбор”. Як па-тлумачылі ў ходзе нарады кіраўнікі большасці названых прадпрыемстваў, многае з прадэманстраванага на экране негатыву ўжо не існуе – папраўлена, прыведзена да парадку за тыдзень часу. Але, як заўважыў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, чаму толькі зараз, няўжо трэба было чакаць абласную камісію?
Спачатку ўдзельнікі нарады наведалі СВК “Ляхавіцкі”. Па словах начальніка райсельгасхарчу Мікалая Варажуна, машынны двор сельгаскааператыва адпавядае ўсім патрабаванням: “Тое, што павінна быць. Прыехалі, каб паглядзець і прыблізіцца да гэтага ў сябе”. Сапраўды, роўныя рады адмыслова падрыхтаванай для доўгатэрміновага захоўвання “простай” тэхнікі, для самаходных машын – спецыяльныя гаражы-боксы. Бытавое памяшканне майстэрні сустрэла цяплом: камплект неабходнай мэблі, душавая кабіна, светлых колераў кафля і сайдынгавае пакрыццё… Як расказаў старшыня гаспадаркі Аляксандр Вітко, у “Ляхавіцкім” яшчэ з восені імкнуцца адрамантаваць усю тэхніку. Працуюць выдатныя зваршчыкі, токары, іншыя спецыялісты. А вось слесараў-рамонтнікаў, як было заўважана, у штаце сельгаскааператыва няма – з абавязкамі апошніх паспяхова спраўляюцца самі механізатары. Адной з умоў функцыянальнасці машыннага парка Аляксандр Вітко лічыць неабходнасць яго рэгулярнага абнаўлення. Напрыклад, параў-нальна нядаўна “Ляхавіцкі” купіў 3 трактары, некалькі раней заменена дзве палівазаправачныя калонкі і г. д.
Месца захоўвання складанай тэхнікі СВК “Тальмінавічы”, як, дарэчы, і машынны двор у цэлым, уяўляе сабой завершаны парадак. “Так, як і патрэбна, – звярнуўся да ўдзельнікаў апаратнай нарады Мікалай Варажун. – Усё, прадугледжанае рэгламентам, знята, пачышчана, пабелена. У некаторых жа гаспадарках яшчэ і не прыступалі да пастаноўкі тэхнікі на захоўванне. Хоць, як і ўсюды, у “Тальмінавічах” таксама не хапае механізатараў”.
Аднак жа – хапае парадку: на іншых пляцоўках і выдзеленых зонах машыннага двара, у рамонтна-механічнай майстэрні. Што да апошняй, то яшчэ раз будзе дарэчы спаслацца на меркаванне старшыні райсельгасхарчу: “Можна прыехаць у любы дзень, і застанеш тут парадак”. Як растлумачыў старшыня СВК “Тальмінавічы” Аркадзій Сакун, адным са складальнікаў парадку з’яўляецца наяўнасць асобнага работніка, кола абавязкаў якога дапоўнена таксама і клопатамі па добра-ўпарадкаванні.
“Завярнула” нарада і на МТФ “Тальмінавічы”. Памяшканні фермы нядаўна былі рэканструяваны пад тэхналогію беспрывязнога ўтрымання жывёлы. Як правіла, работы выконваліся гаспадарчым спосабам. Адсюль і параўнальна невысокі кошт будаўніцтва і, наадварот, заметны вытворчы эфект. Было адзначана, што 40 працэнтаў малака, атрыманага ў рэканструяваным кароўніку ў кастрычніку, прададзена сортам “экстра”. Дарэчы, сёлета ў “Тальмінавічах” падобную рэканструкцыю вытрымалі 2 памяшканні – пры ўдвая больш сціплых раённых рэкамендацыях.
Машынны двор ЗАТ “Белпрампрыбор” сустрэў удзельнікаў нарады свежанаведзеным парадкам: падкошана, месцамі выканана падсыпка, аперацыя дыскавання і іншае. “Ужо больш-менш, – заўважыў старшыня райвыканкама. – Але чаму толькі зараз?”.
Крайнім прыпынкам апаратнай нарады стаў СВК “Ліпнянка”: машынны двор, з нядаўна перабудаванымі дахамі РММ і боксаў для захоўвання складанай тэхнікі, жывёлагадоўчая ферма, адно з памяшканняў якой рэканструюецца для прыёму і ўтрымання 100 галоў жывёлы.
Пры гэтым, удзельнікі нарады звярнулі ўвагу на некаторыя недахопы – і ў “Белпрампрыборы”, і ў “Ліпнянцы”.
Іван Каваленка