Горкі смак глюкозы
Цукровы дыябет — хвароба абменна-эндакрыннага характару, абумоўленая абсалютнай ці адноснай недастатковасцю інсуліну і далейшым парушэннем абмену вугляводаў, бялкоў і тлушчаў. Распаўсюджанасць цукровага дыябету за апошнія 10 гадоў павялічылася ва ўсіх краінах і вагаецца ад 1 да 10 працэнтаў насельніцтва, і пры гэтым зарэгістраваныя хворыя складаюць толькі 2/3 ад іх агульнай колькасці. Кожныя 10 секунд у свеце нехта памірае з-за дыябету.
Па стану на 1 кастрычніка 2011 года на Ляхавіччыне 793 чалавекам пастаўлены дыягназ «цукровы дыябет», упершыню хвароба сёлета выяўлена ў 70 пацыентаў рознага ўзросту.
Для развіцця цукровага дыябету І тыпу асноўную ролю адыгрываюць аўтаімунныя механізмы (у арганізме выпрацоўваюцца антыцелы да В-клетак падстраўнікавай залозы, таму самі клеткі разбураюцца і перастаюць выпрацоўваць інсулін). Развіццю хваробы ІІ тыпу спрыяюць атлусценне, незбалансаванае харчаванне, маларухомы лад жыцця, псіхаэмацыянальныя перагрузкі, хранічныя захворванні страўнікава-кішачнага тракту, ішэмічная хвароба сэрца, артэрыяльная гіпертэнзія, частае ўжыванне мачагонных, гіпатэнзіўных лекавых сродкаў. Даказана і спадчынная роля ў развіцці дыябету ІІ ступені.
50 працэнтаў пацыентаў з упершыню выяўленым цукровым дыябетам ІІ тыпу ўжо маюць ускладненні.
Калі вы заўважылі ў сябе агульную слабасць, пастаянную смагу, частае мочаспусканне, паху-дзенне, сверб скуры, абавязкова звярніцеся да ўрача. Вырашальнае значэнне пры пастаноўцы дыягназу мае лабараторная дыягностыка. Дыягназ «цукровы дыябет» устанаўліваецца тады, калі глюкоза крыві нашча большая за паказчык 6,1 двойчы ў розныя дні, і глікемія праз 2 гадзіны пасля яды складае 11,1 і вышэй.
Неабходна ведаць, што цукровы дыябет — гэта хвароба на ўсё жыццё. І трэба навучыцца жыць з ёю. У лячэнні існуюць 3 асноўныя фактары: дыета, фізічная нагрузка, цукрапаніжаючая тэрапія. Што датычыцца харчавання, то карыснымі для дыябетчыкаў з’яўляюцца пшанічнае і жытняе вотруб’е, хлеб грубага памолу, крупы, агародніна, ягады, арэхі.
Варта адзначыць, што ўсе хворыя на цукровы дыябет атрымліваюць лячэнне цукрапаніжаючымі прэпаратамі за кошт сродкаў мясцовага бюджэту і генна-інжынернымі інсулінамі чалавечага паходжання за кошт цэнтралізаванай закупкі лекавых сродкаў Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Чым раней выяўлены дыябет, тым менш праблем ён паспее прынесці вам і вашаму арганізму. Таму да павышэння ўзроўню глюкозы (цукру) у крыві трэба адносіцца сур’ёзна. Калі ў вас лішняя вага, і фарміруецца клубок праблем у выглядзе скачкоў глюкозы ў крыві, павышэння ціску, то толькі вы самі зможаце спыніць яго «намотванне». Як бы банальна ні гучалі парады медыкаў, што трэба худзець, як бы вы не раздражняліся, чуючы гэта ў чарговы раз, паспрабуйце супакоіцца і глянуць на праблемы з іншага боку. Даказана, што рызыка развіцця ЦД ІІ тыпу змяншаецца на 50-58 працэнтаў пры зніжэнні вагі на 5 кілаграмаў. Безумоўна, не так проста адмовіцца ад некаторых звычайных рэчаў. Але жыццё ад гэтага не стане змрочным. Бо для папярэджання дыябету неабходна весці актыўны лад жыцця, займацца спортам. Калі вырашылі худзець, думайце не пра тое, як вы пазбаўляецеся свайго любімага маянэзу ці куска масла, а пра тое, што набываеце магчымасць паўнацэнна і збалансавана харчавацца, забяспечыць сабе добрую фізічную форму і выдатнае самаадчуванне. Веданне фактараў рызыкі, мер прафілактыкі дапаможа насельніцтву засцерагчы сябе ад гэтай грознай хваробы ці папярэдзіць магчымыя ўскладненні цукровага дыябету.
10 лістапада на раённым вузле паштовай сувязі, а 11 лістапада ў цэнтральнай раённай аптэцы прайшлі акцыі, прысвечаныя прафілактыцы цукровага дыябету. Фельчар-валеолаг райбальніцы Алена Шрубейка і медсястра Ніна Хлапянік расказвалі пра хваробу, усе жадаючыя маглі даведацца пра свой рост, вагу, узровень глюкозы ў крыві і іншыя паказчыкі, якія дапамогуць вызначыць, трапляе чалавек у групу рызыкі ці не. Як вядома, хваробу лягчэй папярэдзіць, чым потым яе доўга лячыць.
Вольга БАРТАШЭВІЧ,
урач-эндакрынолаг Ляхавіцкай ЦРБ