Зорны неміраж
Свята аграгарадка Навасёлкі па традыцыі праводзіцца 7 ліпеня, у дзень, калі ў 1944 годзе населены пункт быў вызвалены ад фашысцкіх захопнікаў. Пачаліся навасёлкаўскія імяніны сёлета з богаслужэння ў храме Іаана Прадцечы. Потым святкаванне перамясцілася ў культурны цэнтр аграгарадка – на пляцоўку каля аздараўленчага комплексу. Тут разгарнуліся галоўныя падзеі дня, працавалі гандлёвыя рады, атракцыёны, экспанавалася выстава «Перазвон талентаў». Жанчыны завіхаліся ля святочных сталоў, каб прыняць удзел у конкурсе «Ах, гаспадынька».
У гэтым годзе арганізатарамі свята была выбрана нечаканая для аграгарадка марская тэматыка. Свята так і называлася «Я веру: да Навасёлак прычаліць цеплаход!». І каманда цеплахода «Мара» (народны клуб аматараў песні, гульні і гумару «Вечарніца») прапанавала ўсім адправіцца ў святочны круіз па хвалях жыццёвай мудрасці.
Першым на імпра-візаваную палубу ў якасці капітана быў запрошаны в.а. старшыні Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка, які шчыра павіншаваў усіх са святам і пажадаў працвітання аграгарадку і яго жыхарам. Эстафету віншаванняў у якасці першага памочніка капітана пераняў в.а. дырэктара ААТ «Шлях новы» Віталій Кульбіцкі, які сказаў добрае слова добрым людзям.
Павагі і ўдзячнасці вартыя тыя, у чыіх далонях узышоў і набраў сілу малады і звонкі сённяшні дзень, хто з настальгіяй успамінае былыя часы. У святочны круіз былі запрошаны нашыя 85-гадовыя Марыя Якуновіч і Аляксандр Станчык. Услед за імі – больш маладыя і зусім маладыя юбіляры-землякі. Адзначылі ў гэтым годзе свой сярэбраны сямейны юбілей Аляксей і Марына Наздрыны, залаты – Сяргей і Галіна Царыкі, брыльянтавы – Аркадзій і Часлава Маеўскія. А самай маладой была сям’я Сяргея і Караліны Марчук.
Дзеці – гэта святое! У нашым аграгарадку ў гэтым годзе нарадзілася чацвёра малышоў. Самая маленькая па ўзросце – Міланачка Курыла, якая нарадзілася 9 чэрвеня і стала трэцім дзіцем у таты Аляксея і мамы Анжэлы, якіх віншавалі яшчэ і з новым статусам мнагадзетнай сям’і. Іх месца на цеплаходзе ў каюце з выглядам на дзіцячую пляцоўку. 11 выпускнікоў мясцовай сярэдняй школы апладысментамі вітаў увесь аграгарадок! А ўдзячнасцю за цёплы прыём быў «Вальс выпускнікоў».
На святочную пляцоўку з танцавальнай кампазіцыяй «А рамашкавае поле зацвіло» выбеглі сямёра першаклашак. Іх вітала будучая першая настаўніца Наталля Камінская.
Быць сапраўдным гаспадаром у весцы – вялікі гонар. I калі праходзіш ля дагледжанага падворка, міжволі хочацца суцішыць крок і заглянуць за ягоную агароджу. Аднымі з лепшых вызначаны 5 падворкаў: Надзеі Камінскай, Юрыя і Святланы Бубен, Сяргея і Алены Баранчыкаў, Дзмітрыя і Алены Янушкевіч, Мікалая і Веры Шыдлоўскіх.
У конкурсе гаспадынь вызначыліся Святлана Жук, Раіса Белавус і Наталля Камінская.
Выстава «Перазвон талентаў» расказала пра нашых умельцаў. Віталі Таццяну Булатую і Наталлю Пражога. Лаўрэаты ўсіх намінацый атрымалі падарункі, у іх гонар гучалі музычныя нумары ад каманды цеплахода «Мара».
Былі на свяце і работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. У рамках пажарна-прафілактычнай акцыі «Канікулы без дыму і агню» выратавальнікі яшчэ раз нагадалі дарослым і дзецям правілы бяспечных паводзін у летні перыяд, прадэманстравалі магчымасці пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі і абсталявання, а потым здзівілі ўсіх «вясёлкай бяспекі».
З канцэртнай праграмай «Няхай будзе свята ў вёсцы!» выступіў калектыў Падлескага СДК. Разыгрывалі і бяспройгрышную латарэю. Уладальнікам галоўнага прыза стала Алеся Шадура, якой дасталася шарсцяная коўдра.
А вечарам закружыла танцавальная праграма «Зорны міраж».
Шчырыя словы ўдзячнасці спонсарам свята: ААТ «Шлях новы», Навасёлкаўскаму сельвыканкаму, індывідуальнаму прадпрымальніку Ірыне Дуньчык.
Таццяна ПІШЧ, мастацкі кіраўнік Навасёлкаўскага СДК.
Фота з архіва Навасёлкаўскага СДК.