Наш заступнік, наш зямляк
Пакланіцца іконе Жыровіцкай Божай Маці, а таксама прыняць удзел ва ўшанаванні памяці Серафіма Жыровіцкага можна будзе ў нашым раёне з 14 па 16 ліпеня
Днямі спаўняецца 116 гадоў з дня нараджэння заступніка зямлі беларускай святога Серафіма, нашага земляка. З гэтай нагоды ляхавіцкае брацтва ў гонар святога прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага і хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла арганізоўваюць духоўна-асветніцкі аўтамотапрабег (хрэсны ход) «Ад новапакутнікаў да вытокаў духоўнасці беларускага краю». Яго ўдзельнікі праедуць з іконай Божай Маці «Жыровіцкая» па мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю святога Серафіма.
Да ўдзелу ў прабегу запрашаюцца ўсе жадаючыя незалежна ад веравызнання. Пачнецца ён 14 ліпеня ў 16 гадзін ва Успенскім Жыровіцкім манастыры. А палове дзявятай гадзіны вечара ўдзельнікі прабегу прыбудуць у Ляхавічы да памятнага знака «Капліца» на рыначнай плошчы. Пасля малебну і да 22 гадзін кожны жадаючы зможа пакланіцца іконе.
15 ліпеня, у дзень нараджэння святога Серафіма, у храме Узвіжання Крыжа Гасподня ў Ляхавічах адбудзецца святочная літургія (пачатак у 8.30). Апоўдні прабег накіруецца на радзіму прападобнамучаніка ў аграгарадок Падлессе да храма Святога Духа.
Пакланіцца цудатворнай іконе можна будзе ў суботу пасля яе вяртання ў Крыжаўзвіжанскую царкву (запланавана на 14 гадзін) да 20 гадзін і ў нядзелю з 8 да 12 гадзін.
Серафім ЖЫТКО,
старшыня брацтва ў гонар святога прападобнамучаніка Серафіма.