Прагрэвачныя кругі на жніўным полі

Уборка зерневых у раёне пачалася. Некалькі, так бы мовіць, нетрадыцыйна, але дэбютны ў гэтым годзе «заезд камбайнаў» адбыўся на начаўскім палетку азімага ячменю –
культуры, якая на ляхавіцкіх аграпрасторах асаблівай папулярнасцю не карыстаецца. Пры гэтым многія сельгаснікі знаходзяць у факце яе вырошчвання шэраг станоўчага. Ранняе зерне, такая ж салома. Для якой з гаспадарак названыя прадукты будуць лішнімі ў «тыдзень міжсезоння»? Мінулагоднія запасы і першага, і другога могуць да гэтага часу закончыцца, свежых – яшчэ чакаць. Вось гэту тыднёвую нішу і закліканы закрыць азімы ячмень.
Азімы ячменны палетак многія разглядаюць і ў якасці выпрабавальнага палігона для камбайнаў. Як прагрэвачны круг у аўтамабільных кальцавых гонках. Як паводзіць сябе тэхніка ў абставінах рэальнай справы, наколькі ашчадна выстаўлены рэгуліроўкі, ці дакладна слухаецца свайго гаспадара і ў якой ступені той адчувае дыханне жалезнага каня. Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў тым ліку і на прагрэвачным азіма-ячменным палетку. Што тычыцца «Начы», то з 23 гектараў прадпрыемства сабрала некалькі за сотню тон зерня новага ўраджаю. Апоўдні выйшлі, увечары фінішавалі.
«Прагрэвачны круг» зрабілі ўжо і нашы льнаводы-льноперапрацоўшчыкі. Адзін з дастаткова аддаленых, размешчаны ў ваколіцы Куршынавіч, палетак убачыў ільноцерабілкі ў мінулую сераду. Спрытныя ў рабоце агрэгаты ў спрактыкаваных руках сваіх кіроўцаў уяўляюць істотную вытворчую сілу. Дастаткова прадукцыйная тэхніка за гадзіны працы паклала для вылежвання значны кавалак поля. Ёсць пачатак – будзе і працяг. У любым выпадку, але лепш – калі ва ўмовах цяпла, сонца і цеплыні вытворчых і людскіх адносін.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *