– Пытанне каторы год хвалюе ўсіх нашых вяскоўцаў. Як можна не турбавацца: адкрыеш кран, а адтуль – брудная вадкасць іншы раз цёмна-карычневага колеру, з непрыемным пахам. Ды яшчэ тонкім струменьчыкам, – тлумачыць сітуацыю в.а. старшыні Жарабковіцкага сельвыканкама Ніна Булатая.
разумела, што ў пошуках чыстай вады людзі перш за ўсё звяртаюцца ў камунгас. І, гавораць, адказ вывучылі, бо ён не мяняецца: будзем прымаць меры. На справе нешта мяняецца толькі пасля таго, як абураныя грамадзяне звяртаюцца за дапамогай да кіраўніка раёна.
– Муж працуе механізатарам, вяртаецца з работы, а памыцца немагчыма – напор вады ніякі, газавая калонка не ўключаецца. А калі пашанцуе з напорам, то сама вада брудная. Гэта праблема не толькі нашай вуліцы Мінскай, але, бадай, і ўсяго аграгарадка, – дзеліцца набалелым Валянціна Чаркас.
З водным пытаннем вяскоўцы неаднойчы звярталіся і да дэпутата сельскага Савета дэпутатаў загадчыцы Жарабковіцкага дзіцячага садка Святланы Селяйковіч. Яна не па чутках ведае сітуацыю.
– Асабліва цяжка тым, хто жыве на другіх паверхах, вада туды амаль не даходзіць. Ёсць прэтэнзіі і да яе якасці. Праўда, апошнія некалькі дзён, напэўна, пасля таго, як камунальнікі прачысцілі сістэму, напор стаў лепшым, ёсць халодная і гарачая вада, – сцвярджае Святлана Іванаўна.
Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандр Мядзвецкі водную праблему ў Жарабковічах называе сур’ёзнай і падкрэслівае, што яна ўзята на асобы кантроль.
– Сітуацыю ведаем і спрабуем яе вырашыць. Зроблены праект на закальцоўку водаправода ў Жарабковічах. Але фінансавання на гэтыя мэты пакуль няма, – гаворыць кіраўнік камунальнай службы.
Пры ўсім гэтым у Жарабковічах з 2008 года дзейнічае станцыя абязжалезвання. Праўда, як прызнаюцца ў камунгасе, працуе яна неэфектыўна амаль з першых дзён. Паўстае заканамернае пытанне: на што былі патрачаны бюджэтныя грошы.
асля некалькіх гадзін адстойвання вады на дне вядра – ржа, умывальнік за дзень-другі з белага ператвараецца ў рыжы. Пацвярджэнне гэтаму ў мінулы аўторак давялося ўбачыць у адміністрацыйным будынку Конькаўскага сельвыканкама.
З-за няякаснай і з недастатковым напорам вады пакутуе большасць жыхароў аграгарадка. Ваду з крана не толькі не п’юць і не гатуюць на ёй ежу (для гэтых мэт купляюць у магазіне бутэляваную) – стараюцца не выкарыстоўваць нават для гаспадарчых патрэб. Іржавыя падцёкі на сантэхніцы, посудзе, бялізне – абурэнню няма межаў.
– Нядаўна памыла бялізну, дык сорамна было яе вывешваць сушыцца: замест белай стала брудна-жоўтай. А перабоі з падачай: раніцай прачынаешся – няма вады, вечарам – такая ж сітуа- цыя, – гаворыць жыхарка аграгарадка Конькі Марыя Сіцько:
– Колькі лімоннай кіслаты зрасходавала, каб аддзерці накіп у чайніку. А колькі чысцячых сродкаў пайшло на ванну і ўмывальнік!
– Плачу за ваду нямала: калі за красавік 3 рублі, то за май – 11 рублёў, бо ў камунгасе пачалі налічваць за паліў агарода, – далучаецца да размовы гаспадыня адной з кватэр дома № 20 па вуліцы Школьнай Марыя Камянец.
Ганна Паўлоўская і Уладзімір Максімовіч прадстаўляюць інтарэсы свае і суседзяў. Яны таксама не разумеюць, чаму павінны плаціць за ваду, якой не карыстаюцца.
– Абурае не толькі якасць вады, але, мякка кажучы, і няўважлівыя адносіны да нас, спажыўцоў, з боку кіраўніцтва камунгаса. На працягу двух дзён спрабавала дазваніцца да дырэктара ЖКГ, але так і не змагла, – узгадвае Марыя Камянец.
В.а. старшыні Конькаўскага сельвыканкама Дзмітрый Багушэвіч сабраў вяскоўцаў на сельскі сход з удзелам камунгасаўцаў, у тым ліку кіраўніка камунальнай службы. Размова ішла часам і на павышаных танах – набалела. Праз некалькі дзён камунальнікі прамылі трубы (гэта будуць рабіць раз у квартал) і паабяцалі зрабіць закальцоўку сістэмы водазабеспячэння. Аграгараджане пацвярджаюць, што некалькі апошніх дзён вада стала чысцейшай, праўда, не вераць, што надоўга.
Там жа ў сельвыканкаме разгаварыліся з жыхаркай Дарава-Чыж Зютай Зайко. Жанчына расказала, што данае пытанне востра стаіць і для іх вёскі.
Аляксандр Мядзвецкі не адмаўляе: праблема з вадой у Коньках ёсць. Па яго словах, часткова яна звязана з неабходнасцю замены водаправода. Але калі гэта камунгас плануе рабіць, не прагучала. Дарэчы, несвоечасовасць прыняцця мер па зваротах грамадзян кіраўнік жылкамунгаса патлумачыў у панядзелак на апаратнай нарадзе ў райвыканкаме… недахопам кадраў. А чыя гэта праблема, пытанне зноў жа ў адрас ЖКГ.
– Што датычыць «воднай» сітуацыі ў горадзе, то станцыя абязжалезвання ў Ляхавічах працуе эфектыўна, – гаворыць урач-гігіеніст райЦГіЭ Аляксандр Лебядзевіч, аналізуючы ўзятыя пробы вады ў кватэрах і з вулічных калонак. Лабараторна-вытворчы кантроль ажыццяўляецца па бактэрыялагічным і хімічным складзе, а таксама па іншых паказчыках (пах, смак і г.д.).
Даныя даследаванняў, праведзеных сёлета ў чэрвені, сведчаць: жалеза ў водаправоднай вадзе ўтрымлівалася 0,1 міліграма на кубічны дэцыметр (да ачысткі на станцыі паказчык прыкладна 0,9), а дапушчальная норма – 0,3 мг/дм3. Аналагічны вынік пацвердзіла і лабараторыя Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
А вось у жыхароў аграгарадкоў Падлессе, Востраў, Тальмінавічы, Дарава, вёсак Галаўнінцы, Зубелевічы, Вялікае Гарадзішча падстаў для задавальнення вадой няма: утрыманне жалеза ў ёй пераўзыходзіць норму ўдвая. А ў Вялікім Гарадзішчы і наогул – у 8 разоў.
Станцыі абязжалезвання ёсць не толькі ў райцэнтры і Жарабковічах, а і ў Дараве, Ліпску. Сярод вясковых эфектыўная толькі ў Начы, дзе вада ў норме, як і ў Ганчарах, Грушаўцы, Русінавічах, Куршынавічах.
Жыхары Конек і Жарабковічаў таксама спадзяюцца, што прыйдзе час, калі яны змогуць напіцца чыстай вады са сваіх кранаў, і што гэта адбудзецца ў бліжэйшы час. А што думаюць у жылкамунгасе?
Галіна КАНЬКО.
фота аўтара.
- Умывальнік у адміністрацыйным будынку Конькаўскага сельвыканкама
P.S. Калі рыхтаваўся матэрыял, на электронную пошту “ЛВ” прыйшло пісьмо з пацвярджаючымі фотаздымкамі з Начы. На вуліцы аграгарадка адключылі калонку для рамонту, раскапалі яму. І вось ужо амаль год, як нічога не могуць зрабіць. А яма пасля дажджоў нагадвае міні-вадаём: ні прайсці, ні праехаць.
А каналізацыя не пачакае
І яшчэ з адной праблемай давялося апошнім часам сутыкнуцца ляхавічанам, якія перыядычна карыстаюцца паслугай адкачкі каналізацыі. Ужо некалькі дзён усе, хто звяртаецца ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», каб заказаць гэту паслугу, у адказ чуюць: машына няспраўная, калі адрамантуюць – невядома, чакайце. Або… звяртайцеся да прыватніка. Як лёгка нашы камунальнікі «дораць» сваіх патэнцыяльных кліентаў і, адпаведна, магчымасць зарабіць прадпрымальніку…
Фотапацвярджэнне з Начы.