Серафім у нашых сэрцах. Заступнік зямлі беларускай святы Серафім для жыхароў Ляхавіччыны – асоба не проста шаноўная – вельмі блізкая, зямляк

Раман Шахмуць (такое імя бацькі далі яму пры нараджэнні) з’явіўся на свет у Падлессі, вучыўся ў Ляхавічах. І з дзяцінства ведаў, што яго жыццёвы    шлях – вера і дапамога людзям. Яму наканавана было стаць святым прападобнамучанікам Серафімам, архімандрытам Жыровіцкім.
Днямі вернікі ўшаноўвалі 116-годдзе з дня нараджэння святога. Усе жадаючыя, незалежна ад веравызнання, змаглі прыняць удзел у духоўна-асветніцкім аўтамотапрабегу «Ад новапакутнікаў да вытокаў духоўнасці беларускага краю», арганізаваным праваслаўным ляхавіцкім брацтвам у гонар  святога прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага  і хрысціянскім адукацыйным цэнтрам імя святых Мяфодзія і Кірыла.
Хрэсны ход з іконай Божай Маці «Жыровіцкая» прайшоў з 14 па 16 ліпеня па мясцінах, звязаных з жыццём, духоўным станаўленнем і дзейнасцю святога Серафіма. Маршрут правёў удзельнікаў аўтапрабегу ад Успенскага Жыровіцкага манастыра да нашага райцэнтра, дзе вечарам у мінулую пятніцу каля памятнага знака «Капліца» на рыначнай плошчы сабраліся гараджане, каб паўдзельнічаць у малебне,  пакланіцца абразу, прасіць у Божай Маці парады, дапамогі і падтрымкі. Благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй  Георгій Жытко нагадаў пра жыццё і духоўны подзвіг прападобнамучаніка Серафіма.
У дзень нараджэння святога Серафіма святочная літургія адбылася ў храме Узвіжання Крыжа Гасподня ў Ляхавічах,  у гэты ж дзень цудатворная ікона пабывала ў храме Святога Духа ў аграгарадку Падлессе.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *