У суботні дзень «пайшоў» ячмень

Міхаіл і Сяргей Зубікі з "Белпрампрыбора"

Азімы варыянт гэтага злака зусім не фаварыт раённага сельскагаспадарчага палетка. Нязначна за сотню гектараў на дваіх, вось і ўсё што маем на бягучы сезон. Мелі, паколькі ў «Начы» свае 23 гектары даўно – па ўборачнай шкале адліку   часу – убралі-дапрацавалі-ўпарадкавалі.

«Белпрампрыбор» жа стартаваў у мінулую суботу. Прычым адразу на дзвюх дарожках – прыступілі да ўборкі і ячменю, і азімага рапсу. Азначаны факт супадзення складана аднесці да ліку распаўсюджаных сітуацый. Хутчэй – адна з сёлетніх сезонных асаблівасцяў.
На кожным з жніўных накірункаў працавала па экіпажы. Зубікі шчыравалі на ячмені. Як паказалі першыя абмалочаныя дзясяткі гектараў, на культуры «Белпрампрыбор» падымае зараз прыкладна   3 дзясяткі цэнтнераў зерня. Так сабе ўраджай. Па меншай меры старшы і старэйшы ў экіпажы Міхаіл за свае 33 папярэднія ўборачныя кампаніі працаваў і на куды больш ураджайных «сотках». У яго сына і напарніка Сяргея хлебаробская біяграфія, вядома, істотна больш сціплая. Але не дэбютант: справу ведае, абавязкі выконвае, за якасць работы «хварэе», камандамі і парадамі старшага камбайнера не грэбуе.
Пад уборку рапсу камбайн спецыяльна даабсталёўваецца. «Рапсавым» уборачным агрэгатам у «Белпрампрыборы» запраўляюць старшы камбайнер Аляксандр Дубіна і камбайнер Аляксандр Мятко. Намалочваюць пакуль прыкладна па паўтара дзясятка цэнтнераў алейнага насення з адзінкі плошчы.   Такіх адзінак рапсу ў гаспадарцы сёлета 120, больш за чвэрць з якіх, па стане на ўчарашні дзень, былі ўжо ўбраны.
Тым часам, жніво выйшла за межы названых тут гаспадарак: у раёне пачалася масавая ўборка рапсу.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аляксандр Дубіна і Аляксандр Мятко.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *