Погляд Соф’і Трубілка на жыццё

Яна запраста магла стаць прататыпам вобраза дзелавой сучасніцы ўжо тады, у 70-80-х гадах мінулага стагоддзя. Соф’я Пятроўна была для многіх землякоў не проста «чыноўнікам у спадніцы», а ўплывовай асобай, паважаным, спагадлівым, справядлівым чалавекам і надзвычай абаяльнай жанчынай. Намеснік старшыні райвыканкама Соф’я Трубілка курыравала сацыяльную сферу, выдатна валодала пытаннямі, якія знаходзіліся ў яе кампетэнцыі, шмат увагі ўдзяляла людзям, што звярталіся да яе са сваімі просьбамі і праблемамі. Мусіць, таму і сёння, хаця даўно не працуе, адносіны землякоў да яе цёплыя і ўважлівыя. І юбілей Соф’і Пятроўны не прайшоў не заўважаным: віншаванні, кветкі, падзячнае пісьмо райвыканкама, шчырыя пажаданні здароўя, душэўнай раўнавагі, радасці – няхай усё добрае спраўдзіцца.
Яна не нажыла нейкіх супердаброт: сціплая двухпакаёвая кватэра, звычайная абстаноўка яшчэ з савецкіх часоў, стос грамат, альбом з дарагімі сэрцу фотаздымкамі. А галоўнае багацце жан-                 чыны – дачка Тамара і яе сям’я. Бязмерна любіць унучак, радуецца, што стала прабабуляй. І заўсёды чакае ў госці сваіх дарагіх Каняевых.
Соф’ю Пятроўну заўсёды вызначаў пазітыўны  погляд на жыццё. Мяркую, у гэтым плане нічога не змянілася і сёння. Паразмаўляйце з ёю і пераканаецеся: так яно і ёсць. Узрост зусім не перашкода для таго,  каб любіць жыццё і людзей. Тым больш, калі   гэта – пра жанчыну без узросту.
Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *