У полі горача
Камітэт дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці правёў кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы па пытаннях падрыхтоўкі да ўборкі ўраджаю 2017 года і ажыццяўлення нарыхтоўкі кармоў у 15 сельгасарганізацыях Брэсцкага, Іванаўскага, Лунінецкага, Ляхавіцкага і Кобрынскага раёнаў. Устаноўлена, што шэрагам гас-падарак не выконваюцца мерапрыемствы па захаванні тэхналагічных рэгламентаў на ўсіх этапах вытворчасці раслінаводчай прадукцыі, у тым ліку па ўдасканаленні структуры шматгадовых траў на раллі і лугапашавых угоддзях за кошт павышэння ў іх бабовых і бабова-злакавых травасумесяў, своечасовасці перазалужвання травастояў і правядзення неабходных агратэхнічных работ.
Па прычыне недахопу мінеральных удабрэнняў не ў поўнай меры праводзіцца падкормка шматгадовых траў пасля першага ўкосу.
У ходзе кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў устанаўліваюцца факты неадпаведнасці наяўнасці плошчаў лугапашавых угоддзяў сельгасарганізацый, якія лічацца ў справаздачах у складзе палепшаных.
У некаторых гаспадарках (ААТ «Любань», ААТ «Навасёлкаўскі») працягваюць нарыхтоўку травяных кармоў у «курганы».
На месцах у асноўным прыняты меры па забеспячэнні рытмічнай і якаснай работы па падрыхтоўцы да ўборкі ўраджаю 2017 года. Разам з тым, у шэрагу гаспадарак устаноўлены факты негатоўнасці тэхнікі да ўборачных работ. У ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» на 12 ліпеня з 10 камбайнаў падрыхтаваны 2, у КСУП «Ліпнянка» на 13 ліпеня з 5 камбайнаў – таксама 2. Адзначаны недапрацоўкі па гатоўнасці тэхнікі ў ААТ «Шлях новы».
Не ва ўсіх сельгасарганізацыях падрыхтаваны зернеачышчальнасушыльныя комплексы, складскія памяшканні для захоўвання ўраджаю 2017 года. Так, у «Шляху новым» у вёсцы Ураджайная з тэрыторыі зернесушыльнага комплексу ЗСК-30 не прыбрана смецце. У «Ляхавіцкім райаграсэрвісе» перасоўная зернесушылка ў вёсцы Альхоўцы на 12 ліпеня не знята з захоўвання.
У «Шляху новым», райаграсэрвісе, «Ліпнянцы» не праведзена дэзынфекцыя складскіх памяшканняў.
У шэрагу гаспадарак вобласці не забяспечана ўкамплектаванне неабходнай колькасцю кадраў кожнай адзінкі сельскагаспадарчай тэхнікі для ўборкі ўраджаю. Сярод іх – «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», дзе не хапае камбайнераў.
КДК Брэсцкай вобласці.