МНС: дапамога побач

На аварыйна-выратавальным пасту № 13 у аграгарадку Тальмінавічы ішлі традыцыйныя заняткі па супрацьпажарнай падрыхтоўцы. Раптам пільнае вока дзяжурнага заўважыла, што з вокнаў жылога дома ідзе дымок. Хвіліна-другая – і выратавальнікі ўжо стукаюць у дзверы кватэры. За ёй – цішыня. Трапіць праз акно, няхай яно і на другім паверсе, для пажарных не праблемна. Там яны ўбачылі спалоханага сямігадовага хлопчыка, якога бацькі пакінулі дома аднаго. Малы вырашыў паглядзець, як гарыць падпалены пенапласт…

Такія выпадкі супрацоўнікі Ляхавіцкага РАНС могуць узгадваць бясконца. Мужныя, смелыя, прафесіяналы сваёй справы – такія яны, выратавальнікі. Ім давяраюць, на іх спадзяюцца, і яны не падводзяць.

Адна з галоўных задач службы – не дапускаць узнікнення пажараў, пралічваць магчымыя сцэнарыі на некалькі крокаў наперад і, галоўнае, папярэдзіць новыя ахвяры агню. Пра гэта і іншае размова напярэдадні Дня пажарнай службы, які адзначаецца 25 ліпеня, з начальнікам РАНС Валерыем Равінскім.

– З якім настроем, Валерый Вікенцьевіч, сустракае свята калектыў РАНС?

– У баявым. Райаддзел – гэта 61 супрацоўнік. А яшчэ – гэта   каманда, гатовая ў любы час, калі ўзнікае пазаштатная сітуацыя, прыйсці на дапамогу.

Усе 5 падраздзяленняў РАНС поўнасцю ўзброеныя і ўкамплектаваныя ўсім неабходным: пажарная аварыйна-выратавальная часць № 1 г. Ляхавічы і пажарныя аварыйна-выратавальныя пасты ў Ліпску, Падлессі, Тальмінавічах, Шчэрбаве.

Цяжка ў вучэнні – лёгка ў баі. Пажарным без спецыяльнай падрыхтоўкі ў прамым сэнсе было б цяжка выконваць сваю работу: іх абмундзіраванне важыць больш за 8 кілаграмаў і  плюс пудовы апарат на спіне. Пасля каманды дзяжурнага «На выезд!» увесь асабовы састаў баявога разліку змены павінен быць у аўтамабілі праз адну мінуту. Каб уціхамірыць агонь, у сярэднім патрабуецца ад 3 да 30 мінут. І яшчэ крыху статыстыкі: з 14-ці сёлетніх пажараў на два выратавальнікі прыехалі праз         5 мінут пасля выкліку, у дзевяці выпадках спатрэбілася да   10 мінут, на самы «далёкі» выклік у Свяціцы дабіраліся каля  20 мінут.

З пачатку года асабовы састаў падраздзяленняў РАНС правёў каля сотні тактыка-спецыяльных заняткаў і вучэнняў. Гэта сур’ёзна дапамагае пацвярджаць высокі ўзровень прафесіяналізму пры тушэнні пажараў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

– Спецыялісты РАНС не толькі супрацьстаяць прыроднай стыхіі і тэхнагенным аварыям, але і займаюцца прафілактычнай работай.

– Без гэтага немагчыма. Супрацоўнікі РАНС – частыя госці ў працоўных і вучнёўскіх калектывах, установах, на сельскіх сходах.

Сёлета абследавалі амаль 4500 домаўладанняў па пытаннях супрацьпажарнай бяспекі, правялі больш за 300 прафілактычных мерапрыемстваў (146 – ва ўстановах адукацыі). Традыцыйнымі сталі акцыі «Бяспека – у кожны дом!», «Канікулы без дыму і агню», «Дзень бяспекі. Увага ўсім!». Без перабольшання, актыўным прапагандыстам бяспекі жыццядзейнасці можна лічыць і раённую газету «Ляхавіцкі веснік». Актыўная работа вядзецца ў сацыяльных сетках. Папулярнасць набывае мабільны дадатак «МНС: дапамога побач».

Прафілактычная работа дае свой плён: колькасць пажараў змяншаецца. Летась іх зарэгістравана 28, а дзесяцігоддзе раней – 64. Неасцярожнае абыходжанне з агнём застаецца галоўнай іх прычынай. Менавіта з-за гэтага сёлета адбылося 7 пажараў, на якіх загінулі 4 чалавекі (усе былі нецвярозыя). Згадзіцеся, сур’ёзная нагода актывізаваць работу з такой катэгорыяй грамадзян і сельвыканкамам, і міліцыі, і кіраўніцтву прадпрыемстваў і арганізацый. Спадзяёмся на больш цеснае супрацоўніцтва ў вырашэнні набалелага пытання з усімі зацікаўленымі службамі.

– Валерый Вікенцьевіч, неяк вы сказалі, што выратавальнік – гэта не толькі прафесія, але прызванне і лад жыцця…

– У нашай службе выпадковых людзей не бывае. Не ўсе з асабовага складу райаддзела маюць спецыяльную адукацыю, але кожны – сапраўдны прафесіянал, які ганарыцца сваёй справай. Райаддзел – гэта баявое     братэрства, дзе трэба быць упэўненым у сваіх калегах – надзейных, адказных, умелых.

Мэтанакіравана рыхтуем дастойную змену. Асаблівая ўвага – прафарыентацыі сярод старшакласнікаў. Свядома выбралі прафесію выратавальніка і сёння сумленна нясуць службу ў РАНС мой першы намеснік Сяргей Гатоўчыц, інспектар Сяргей Рабцэвіч, начальнікі аварыйна-выратавальных пастоў аграгарадка Ліпск Сяргей Зянько, вёскі Шчэрбава – Вадзім Дыдышка. Адзін з першых выпускнікоў прафарыентацыйнага класа СШ № 2 Андрэй Крываруцкі цяпер камандзір аддзялення ПАВЧ.

З удзячнасцю ставімся да тых, хто стаяў напачатку стварэння і развіцця службы МНС у нашым раёне. У ветэранскай арганізацыі РАНС 8 чалавек.

– За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, прафесіяналізм многія супрацоўнікі РАНС адзначаны ўзнагародамі. Асабіста вам напачатку гэтага года ўручаны медаль «За бездакорную службу» ІІ ступені.

– Сёлета медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені ўзнагароджаны першы намеснік  начальніка Сяргей Гатоўчыц, начальнік  каравула ПАВЧ №1 Юрый Таранда. Партрэт вадзіцеля Віктара Янушкевіча занесены на раённую Галерэю славы. Дыспетчару цэнтра аператыўнага кіравання Вадзіму Цімошаку аб’яўлена падзяка старшыні райвыканкама. Лепшымі па прафесіі прызнаны начальнік каравула ПАВЧ Сяргей Траяноўскі, камандзір аддзялення ПАВЧ Андрэй  Пятрушка.

Выратавальнікі актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці раёна. Рэдка якое спартыўнае спаборніцтва абыходзіцца без    каманды агняборцаў. Справай гонару лічым шэфскую дапамогу гаспадаркам раёна на ўборачнай. Так, у жніве-2017 задзейнічаны Генадзій Чаранкевіч, Аляксандр Аскерка, Аляксандр Чабатарэнка, Віктар Янушкевіч.

Шаноўных калег, паважаных ветэранаў службы віншую з нашым святам. Жадаю ўсім моцнага здароўя, аптымізму, неспякотных працоўных будняў і сухіх рукавоў. Ветэранам шчыры дзякуй за вялікі ўклад у агульную справу.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва РАНС.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *