ДОМ – ЧАША ПОЎНАЯ
Сям’я пачынаецца з дзяцей, мільганула ў думках, калі я заходзіла ў адзін з ляхавіцкіх двароў па вуліцы Горкага. Хлопчык Стас гуляў на свежым паветры. Пытаюся, ці дома мама. Выходзіць прыгожая маладая жанчына, гэта Інга Машэй. Побач дзве прынцэсы-дачушкі Любачка і Надзейка.
– Госці ў нас не так часта, таму малышкі прыціхлі, – тлумачыць мама Інга і запрашае ў дом.
Пакуль тата Саша (капітан міліцыі, старшы інспектар прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ляхавіцкага РАУС) на службе, размаўляю з гаспадыняй.
З дзяцінства Інга марыла быць настаўніцай. Закончыла БарДУ. У Ліпскай школе выкладае рускую мову і літаратуру. Тры гады таму перамагла ў раённым конкурсе метадычных распрацовак «Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках».
– Гэта перамога вельмі значная для мяне. Праз год пасля першага дэкрэта атрымала яе, – расказвае Інга.
Яна надзвычай мэтанакі-раваная асоба. У 2015 годзе рыхтавала вучаніцу да навуковай канферэнцыі, у выніку – «серабро» на вобласці. Яшчэ Інга выдатная гаспадыня, любіць гатаваць. Асабліва ўдаецца ў яе выпечка. А ў вольны час чытае. Без гэтага – ніяк!
З Аляксандрам пажаніліся праз год пасля знаёмства. Вяселле было зімой, з моцнай завірухай на двары. Па народных прыкметах гэта акалічнасць азначае шчаслівае жыццё. Праз год у іх нарадзіўся першынец, а затым і дзяўчынкі-двайняшкі.
– Я і муж не з мнагадзетных сем’яў. Мы не планавалі такую вялікую сям’ю, але вельмі шчаслівыя, што так атрымалася. Тым больш, што ёсць каму дапамагчы – наша любімая бабуля Таня заўсёды побач.
Сына маладыя бацькі вырашылі назваць Станіславам. З дочкамі выйшла так: тата захацеў, каб адну з малышак звалі Надзеяй, а мама ўжо без варыянтаў дапоўніла – другая будзе Любоўю. Інга верыць, што імя чалавека мае ўплыў на яго далейшае жыццё і лёс.
– Нашы двайняткі – розныя. Я за індывідуальнасць! – дзеліцца маладая мама. – Абедзве заўсёды імкнуцца мне дапамагчы. Люба ў нас, як кажа тата, «загадчык гаспадаркі», сочыць за парадкам. За сукенкі не сварацца, цацкі не дзеляць на «твая-мая», гуляюць, сябруюць. Любяць глядзець «Кукуцікі» (серыя развіваючых мульцікаў для дзяцей).
Стасік вельмі чакаў з’яўлення на свет сястрычак, любіць іх. Здаецца, нядаўна ў паўтара года ён вывучыў з мамай алфавіт, а сёлета ўжо стане вучнем. Прыкладам для хлопчыка з’яўляецца тата. З ім ён ходзіць займацца ў спартзалу, марыць таксама стаць міліцыянерам.
Вось дарэчы, і тата Саша вярнуўся дадому пасля працоўнага дня. На службу ў Ляхавіцкі РАУС ён паступіў яшчэ студэнтам БДАТУ. Два гады назад Аляксандр быў узнагароджаны нагрудным знакам за «Выдатную службу». Шмат часу аддае рабоце. У капітана міліцыі працоўны дзень не нарміраваны. Інакш не можа быць. Але дома разумеюць гэту спецыфіку. Не папракаюць, што часам і ў выхадны ён на службе. Затое калі збіраюцца ўсёй сям’ёй – атрымліваецца свята, жаданае, чаканае і радаснае. А яшчэ Аляксандр Машэй з задавальненнем удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці райаддзела міліцыі, любіць спяваць. Падлеткам скончыў музычную школу, іграе на баяне.
На пытанне, як пазнаёміліся з Інгай, адказвае:
– Як убачыў, адразу вырашыў: павінен даведацца, хто гэтая незнаёмка. Дзяўчына, у сваю чаргу, у знаёмстве не адмовіла.
Усёй сям’ёй звычайна ездзяць у дзіцячыя забаўляльныя цэнтры ў Баранавічах (любімыя – «Лабірынт ілюзій», «Банана Сіці») або ў вёску да бабулі з дзядулем. Адпачываюць разам з дзецьмі, і гэта ўсім ім у радасць. Слоган «Разам мы непераможныя» суправаджаў сёлета ўдзел Машэяў у раённым аглядзе-конкурсе на лепшую сям’ю, дзе яны занялі ганаровае другое месца.
Ірына ШЛОЙДА.
Фота аўтара.