Манрэаль – Ляхавічы. Для памяці адлегласці не існуе

Ён лавіў кожнае слова 92-гадовай Марыі Стыкуць,  пільна ўглядаўся ў твар  пажылой жанчыны, спадзяваўся  ўбачыць у ім нейкія знаёмыя рысы ці пачуць знаёмыя імёны. Яе расказ нібы перанёс мужчыну ў Ляхавічы пасляваенныя. Грамадзянін Канады Мітчэл Катлер зацікаўлена  слухаў пра жыццё сваіх далёкіх продкаў – мясцовых яўрэяў. Асабліва яго цікавілі прозвішчы Рабіновіч,  Штайнхауз, Літоўскі, Розенберг, Брэнер і Барнак. Гэта яго сваякі. Дзядуля Мітчэла Мошэ Барнак  жыў у Ляхавічах, трымаў сваю бакалею, а ягоная сваячніца шыла  капелюшы. Дамы іх стаялі на  вуліцах Санітарная і  Аляксандраўская.

Спрадвеку ў нашым краі жыло нямала яўрэяў.  Яшчэ ў ХVІ стагоддзі ў мястэчку Ляхавічы яны разам з іншымі мясцовымі жыхарамі, сярод якіх былі і татары, і палякі, і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, займаліся земляробствам, рамяством і дробным гандлем.

Перад пачаткам  Вялікай Айчыннай вайны  дзядуля  Мітчэла эмігрыраваў у Канаду. І гэта дапамагло сям’і выратавацца ад страшнай з’явы – фашысцкага генацыду супраць яўрэйскага народа.  Зусім мала засталося сведкаў тых страшных падзей, калі  ў Ляхавічах гітлераўцы і іх памагатыя зверскі расправіліся з яўрэйскім гета.

– У ліпені 1942 года вялі на расстрэл мірных жыхароў. Яны ішлі моўчкі. Напэўна, разумелі, што гэта апошнія хвіліны ў іх жыцці. Было вельмі шкада іх, асабліва дзяцей. Многіх я ведаў, з некаторымі разам вучыўся ў школе.  І раптам убачыў свайго сябра, які закрычаў: «Бывай, Валодзька!», – не стрымліваючы слёз, расказваў гасцям з Канады ляхавічанін Уладзімір Сокал, якому тады было 12 гадоў. – Гналі людзей па Малой Лотве (цяпер вуліца Кастрычніцкая). Пачуліся стрэлы…

Цяпер на тым месцы на вуліцы Арлоўскага стаіць помнік яўрэям, расстраляным фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Больш як праз сем дзесяцігоддзяў ціха плакалі Мітчэл і Трэйсі Катлеры, пра сябе чыталі малітву  ў памяць пра бязвінных ахвяр халакоста.

У нашым раёне  закатаваныя і расстраляныя ў гады вайны яўрэі (па афіцыйных звестках, іх каля 5 тысяч) пахаваны ў дзвюх брацкіх магілах у Ляхавічах, а таксама ў Востраве, Мядзведзічах, каля станцыі Рэйтанаў.  А колішнія  жыхары Улазавічаў  Вікенцій і Марыя Грышчыкі  ўдастоены ганаровага звання  «Праведнік народаў  свету» за выратаванне яўрэйскай дзяўчыны  Таццяны  Арганд.  Уладзімір Сокал  расказвае, як і сам бегаў у гета і кідаў  вязням праз калючы дрот спечаныя маці праснакі…

Госці з Манрэаля ў суправаджэнні  настаўніка гісторыі гімназіі Міхаіла Курловіча  наведалі і іншыя  месцы ў нашым райцэнтры,  якія з’яўляюцца святымі для іудзеяў, у прыватнасці, сённяшнюю тэрыторыю кансервавага завода, дзе калісьці была размешчана сінагога.

– Як жа я чакаў гэтай паездкі! Рыхтаваўся з асаблівым хваляваннем і верай. Вельмі рады, што ў рэшце атрымалася зрабіць гэта падарожжа. Не апошнюю ролю адыграла ўвядзенне вашай краінай пяцідзённага бязвізавага рэжыму для замежных грамадзян, якія прыязджаюць у Беларусь.  Для мяне важна высветліць, хто я такі, дзе мае вытокі,  як і дзе жылі мае продкі. Самае дарагое і самае важнае для кожнага чалавека, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання, – яго сям’я. Гэта тое, што надае сілы і з’яўляецца сэнсам жыцця, – тлумачыць мэту свайго прыезду  Мітчэл Катлер. – Ляхавічы – гэта толькі  частка прыпынкаў вялікага падарожжа  па гісторыі яўрэйства ў вашай прыгожай краіне. Плануем наведаць яшчэ Мір і Нясвіж.

Мужа і жонку Катлераў Беларусь уразіла чысцінёй, прыгажосцю, добраўпарадкаванасцю, а таксама гасціннасцю, ветлівасцю нашых людзей.

– Калі мая мама, стрыечныя браты і сёстры пажадаюць таксама наведаць  Беларусь,  абавязкова прыеду з імі і я. Магчыма, удасца больш даведацца  і пра яўрэяў, якія жылі ў вашых цудоўных і ўтульных Ляхавічах, – сказаў на развітанне  Мітчэл Катлер.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *