Дыялог на жніўную тэму

Фота з архіва "ЛВ"

Ён знаходзіўся там, дзе і павінен быць у такую пару, – у полі, са сваімі камбайнамі, сярод камбайнераў і «мазістаў», занятых на маршруце «ўборачны палетак –зерняток». Тэму размовы задаў сам час.

– Азімага рапсу ў нас 600 гектараў. Больш толькі ў нашых жарабковіцкіх суседзяў. У іншых гаспадарках раёна маштабы вырошчвання гэтай культуры іншыя. Меншыя. Рапс сёлета нядрэнны. Нармальна перазімаваў, у вясну расліны ўвайшлі дастаткова моцнымі. Падкормка, хімапрацоўкі – мы імкнуліся не збочыць з тэхналагічнай сцежкі. Вось ужо некалькі дзён, як выйшлі на яго ўборку. Паспяванне не раўнамернае. Нават на адным і тым полі могуць сустракацца ўчасткі рознай спеласці. Адразу працавалі двума камбайнамі – гэтага хапала. Сёння на палетку ўжо квінтэт уборачных агрэгатаў. Але і названая колькасць не канчатковая і не максімальна магчымая. Можам, калі запатрабуе фронт работ, і 8 машын выпусціць у поле.

Для ўборкі рапсу камбайну патрабуецца спецыяльнае даабсталяванне. У нас іх 8 – рапсавых прыставак. Усяго ж камбайнаў 14. Усе ўкамплектаваны экіпажамі. Тыя з іх, хто пакуль яшчэ не ў полі, каторы раз зноў і зноў абходжваюць свае машыны. Ёсць сярод экіпажаў камбайнаў маладзёжны, ёсць сямейны – бацька і сын Камінскія Аляксандр і Яўгеній. Старэйшы ў экіпажы і па ўзросце, што называецца, кадравы механізатар. Сын стаў камбайнерам на час уборкі, а штатная пасада Яўгенія – памочнік начальніка вытворчага ўчастка.

Убіраем пакуль не самыя лепшыя ўчасткі: здымаем з гектара больш за 20 цэнтнераў насення. Чысцім, сушым, для чаго задзейнічалі два ачышчальна-сушыльныя комплексы. З палёў ураджай паступае досыць вільготным. Часам «здымаць» даводзіцца і дзясятак працэнтаў лішняй вільготнасці.

Лічы, паралельна з уборкай ажыццяўляем пастаўкі-продаж гатовай прадукцыі. Перапрацоўшчыкам ужо адправілі каля сотні тон алейнага насення. Акрамя азімага, гаспадарка вырасціла яшчэ і некалькі больш за сотню гектараў яравога рапсу. Ад свайго холадаўстойлівага «брата» ён адрозніваецца даволі істотна – у мінус. І што тычыцца ўраджайнасці, і ў плане ўтрымання алею, і, канешне ж, адчувальна больш познімі тэрмінамі выхаду ў стан уборачнай спеласці. Думаю, завяршым з уборкай азімага рапсу акурат да моманту выхаду на сцэну зерневых. У нас іх цэлы спіс і поўны набор. З іх найбольш ураджайныя перспектывы абяцае азімая пшаніца,  – завяршыў галоўны аграном ААТ «Шлях новы» Аляксандр Буйкевіч, каб зноў пагрузіцца ў свае хлебаробскія клопаты.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з архіва «ЛВ»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *