Гаспадаркам Ляхавіччыны ёсць магчымасць вывезці з Тухавіч 5 тысяч тон тарфакрошкі за кошт раённага бюджэту
Пад снежнай коўдрай адпачывае зямля, а хлебароб па-ранейшаму ў клопатах пра яе. Цяпер, калі яшчэ трашчаць маразы, без спеху можна зрабіць нямала работы. Напрыклад, паклапаціцца пра нарыхтоўку і вывазку на палі арганічных угнаенняў. Сёлета запланавана пад яравую сяўбу мець 327 тысяч тон кампостаў або на 1 гектар будзе ўнесена па 15,5 тоны. Работа вядзецца паспяхова: ужо нарыхтавана 280 тысяч тон арганікі, а вывезена на палі і складзіравана ў бурты 223,7 тысячы тон (85,7 працэнта да задання). Асабліва вынікова працуюць у СВК ”Дарава”, РСУП “Нача”, дзе ўжо вывезена на палі арганікі больш як 100 працэнтаў да запланаванага, набліжаецца да вызначанай мяжы і СВК ”Ляхавіцкі”.
Сёлета гаспадаркам Ляхавіччыны ёсць магчымасць вывезці з Тухавіч 5 тысяч тон тарфакрошкі за кошт сродкаў, выдзеленых з раённага бюджэту. Гэта работа даручана мехатраду ААТ ”Ляхавіцкі райаграсервіс”, аднак з адной умовай: адлегласць да месца прызначэння грузу не павінна перавышаць 30 кіламетраў. У гэтыя параметры ўпісваюцца і СВК ”Ліпнянка”, “Востраў-Агра”. СВК”Ляхавіцкі”, РСУП ”Нача” заключылі дадатковыя дагаворы з райаграсервісам на даплату за транспартныя паслугі. І пакуль трымае замёрзшая зямля, тарфакрошка паспяхова завозіцца. На дбайнасць і разваротлівасць хлебаробаў з гэтых гаспадарак варта было б звярнуць увагу і ў астатніх сельгаспрадпрыемствах.
Нельга забывацца і пра назапашванне мінеральных тукаў. Пакуль што па-ступаюць у раён толькі тыя, на якія выдзелены бюджэтныя сродкі, а самастойна не закупляе іх ні адно сельгаспрадпрыемства. У выніку, у наяўнасці пакуль толькі калійных удабрэнняў — 70 працэнтаў да патрэбы, фосфарных – 35, азотных 33 працэнты.
Яшчэ адна работа, якая выконваецца ў добрага гаспадара зімой, — падрыхтоўка насення да пасяўной кандыцыі. З зерневымі – парадак, аднак ёсць праблемы з насеннем шматгадовых траў. У тых гаспадарках, дзе няма магчымасці самастойна яго падрыхтаваць, трэба неадкладна скарыстацца паслугамі абласной фірмы. СВК ”Жарабковічы”, “Ордэна ”Знак Пашаны” Кастрычнік”, “Ліпнянка”, ЗАТ ”Белпрампрыбор”, ААТ ”Ляхавіцкі райаграсервіс” наогул не маюць яшчэ насення бабовых культур. Гэта іменна той травяны кампанент, без якога не атрымаецца добрай пашы, а з-за недахопу бялку нельга будзе збалансаваць рацыён кармлення жывёл.
Неўзабаве будуць выдзяляцца крэдыты за закуп хімікатаў для пратраўлівання зерня. Упусціць гэты шанц, значыць запраграмаваць недабор ураджаю.
І яшчэ адна важная справа, якая выконваецца іменна ў гэты перыяд: пераборка бульбы ў сховішчах. Улічваючы халоднае надвор’е, важна пракантраляваць, як захоўваюцца клубні ў буртах, каб не дапусціць страт.
Не трэба адкладваць гэтыя работы на пасля, бо з наступленнем вясны з’явіцца мноства неадкладных праблем і задач, і як заўсёды, можа не хапіць на ўсё часу.
Мікалай КАПЛЫНОЎ, галоўны аграном райсельгасхарчу.