Працаахоўная грамата

На МТФ «Сакуны».

У мінулым годзе ў краіне з работы не вярнуліся 119 чалавек. Загінулі падчас выканання працоўных абавязкаў. Цяжкімі траўмамі «абышліся» больш за 600 работнікаў. Сярод пацярпелых нямала вадзіцеляў аўтамабіляў і трактарыстаў, якія, і ў гэтым адметнасць сітуацыі, страцілі здароўе, а то і жыццё не ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў. У ходзе рамонтна-аднаўленчых работ, выканання тэхнічных рэгламентаў, іншых пазадарожных маніпуляцый і клопатаў вакол сваіх машын. Высокія пазіцыі ў спісе пацярпелых займаюць электрамантажнікі, зваршчыкі, мантажнікі канструкцый. Прыблізнае абагульненне дае разуменне, што значная колькасць няшчасных выпадкаў адбылася ў сельскай гаспадарцы і будаўніцтве. У большасці трагедый на вытворчасці вінаваты самі пацярпелыя. Але і работадаўцы ў адказе за 21 смерць. У 32 выпадках незваротных страт на вытворчасці вінаваты і адны, і другія.

Толькі за першае паўгоддзе і толькі ў Брэсцкай вобласці на рабоце загінулі 7 чалавек, з якіх двое знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
– Ніякага даравання не можа быць п’янству і п’яным на вытворчасці, – падкрэсліў начальнік Баранавіцкага міжраённага аддзела Брэсцкага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Канстанцін Турыбрын. Ён жа і намаляваў прыведзеную вышэй яркую на чорным фоне лічбавую карцінку з няшчаснымі выпадкамі на вытворчых аб’ектах краіны і вобласці.
Зрэшты, выступленнямі, дэбатамі, пытаннямі і адказамі на іх, апладысментамі лепшым у плане арганізацыі работы па АП раённы дзень аховы працы завяршыўся.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч практыку штогадовага правядзення падобных дзён назваў добрай традыцыяй і вельмі важным мерапрыемствам. Кіраўнік раёна падкарэкціраваў маршрут мерапрыемства. У працяг да запланаваных, на ім з’явіўся яшчэ адзін прыпыначны пункт – ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Дарэчы, удзельнікам дня з’яўляўся генеральны дырэктар «Брэстаблаграсэрвіса» Уладзімір Махнач.
Але перш чым выйсці на маршрут, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў Ляхавіччыны, інжынеры па АП паслухалі выступленні калег з ЦРБ, малочнага завода, камунгаса, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Былі прэзентаваны камплекты тэматычнай дакументацыі, кожны з дакладчыкаў засяродзіў увагу на адметнасцях, асаблівасцях пабудовы сістэмы АП у залежнасці ад спецыфікі работы свайго прадпрыемства.
ААТ «Шлях новы» і, бадай, самы новы і адзін з найбольш тэхналагічных яго актываў – МТФ «Сакуны» – першым вітаў удзельнікаў раённага дня АП. Малочнатаварная ферма будуецца няпроста і не першы год. Аддачу ў выглядзе малака аддае пакуль толькі першая частка аб’екта. 176 кароў плюс цялушкі. Ад кожнай рагулі тут атрымліваюць штодня амаль 22 кілаграмы малака самай высокай заліковай якасці. На ферме занята 9 чалавек, з якіх 3  з’яўляюцца аператарамі даення. Сказаць машыннага – «пакрыўдзіць» даільную залу. Апошняя калі і машына, то з прыстаўкай супер, якая дае магчымасць адсочваць працэс даення на любым адрэзку, кантраляваць якасць прадукту і, у некаторым сэнсе, нават здароўе жывёл. Для іх тут прадугледжаны рацыянальныя ўмовы і патрэбныя сэрвісы.
Але, што першачаргова і з’яўляецца нашай тэмай, – на аб’екце наладжаны ўвесь функцыянал, неабходны для здаровай працы людзей. Пакоі санбытпрызначэння, напрык-лад, знаходзяцца ў выдатным      стане.
МТФ будуецца. Праектам закладзена магчымасць утрымання на ферме 765 жывёл.  А «БелГранітСэрвіс» працуе з каменем. Удзельнікі раённага дня аховы працы прайшліся па тэхналагічным ланцужку прадпрыемства, паглядзелі на ўмовы працы работнікаў, заглянулі ў пакоі санітарна-бытавога прызначэння. І накіраваліся ў райаграсэрвіс.
Сёння Ляхавіцкі райаграсэрвіс уяўляецца ў большай ступені як вытворца сельскагаспадарчай прадукцыі, праўда, не асабліва ўраджайны, не надта ўдойны. Рамонт, сэрвіс, таварная вытворчасць таксама прысутнічаюць, але, відавочна, далёка не ў адпаведнасці з патэнцыялам базы.
Быў пярэдадзень жніва, і пераджніўныя клопаты пачыналіся ці не адразу за варотамі прадпрыемства. Лінейка збожжаўборачных камбайнаў не выклікала асацыяцый з «лінейкай гатоўнасці». Адзін з экіпажаў працягваў рыхтаваць машыну да выхаду на хлебную ніву. Пры гэтым, як не маглі не заўважыць удзельнікі мерапрыемства, – не без парушэння правілаў тэхнікі бяспекі. Несупадзенне райаграсэрвісаўскай рэальнасці з патрабаваннямі правіл тэхнікі бяспекі спецыялісты адзначылі і ў адным з механічных цэхаў акцыянернага таварыства.
– Абуць, апрануць у спецадзенне, праінструктаваць і запатрабаваць! Але не. І такі ў райаграсэрвісе падыход да ўсяго, – адрэагаваў на ўбачанае старшыня райвыканкама.
Гаворачы пра работу па ахове працы і вытворчы траўматызм у арганізацыях раёна, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса прывёў лічбу: за 6 месяцаў года ў мерапрыемствы па паляпшэнні ўмоў працы прадпрыемствы раёна інвеставалі крыху больш за 714 тысяч рублёў – прыкладна палову запланаванага на год.
Адзначаны факт у тандэме з дастаткова паспяховым вырашэннем комплексу іншых задач па ахове працы дае вынік. У 2014 годзе, напрыклад, у раёне было адзначана 11 няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Адзін з іх меў лятальнае завяршэнне. Праз год, як і ў 2016-м, нічога такога, на шчасце, дапушчана не было, а колькасць няшчасных выпадкаў скарацілася да пяці і трох, адпаведна.
На фоне двух апошніх гэты     год у плане траўматызму выглядае некалькі менш аптымістычна: паўгоддзе прынесла раёну 4 няшчасныя выпадкі на вытворчасці. Як цяжкі быў класіфікаваны выпадак, што адбыўся са слесарам-рамонтнікам у ААТ «Шлях новы». Няшчасныя выпадкі, што мелі месца ў «Жарабковічах», на малочным заводзе і заводзе «Металапластмас» выклікалі лёгкі разлад у здароўі пацярпелых.
Штогадовую перыядычнасць атрымаў раённы агляд-конкурс на лепшую пастаноўку работы па ахове працы сярод арганізацый і ўстаноў Ляхавіччыны. Пераможцамі ў сваіх намінацыях былі пры-знаны ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас», у адной з намінацый роўна паспяховымі аказаліся Ляхавіцкая ЦРБ і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт» было ўручана адразу два дыпломы: пераможцы раённага агляду-конкурсу і віцэ-пераможцы аналагічнага абласнога ў сваёй намінацыі.
Віншуем лепшых і жадаем бачыць сярод іх усіх іншых нашых вытворцаў і арганізацыі невытворчай сферы.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фото аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *